Перакідны краязнаўчы каляндар на роднай мове
У Гародні выйшаў з друку беларускі настольны перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзеншчыны на 2021 год. Яго падрыхтаваў гарадзенскі прафесар Аляксей Пяткевіч. А рэдагаваў каляндар пісьменнік Станіслаў Суднік з Ліды.
Гэта ўжо дванаццаты выпуск Гарадзенскага абласнога краязнаўчага календара, якога не маюць у іншых абласцях Беларусі.
У новым календары пададзена каля паўтысячы важных і цікавых датаў з гісторыі Гарадзеншчыны, што яшчэ раз пацвярджае яе багацце і напоўненасць падзеямі і асобамі праз гады і стагоддзі.
З краязнаўчага календара на 2021 год мы ўжо сёння можам даведацца, што ў наступным годзе юбілеі будуць ў многіх вядомых асобаў Гарадзеншчыны: 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Марцінчыка, 120 гадоў з дня нараджэння Антона Жэбрака, 90 гадоў з дня нараджэння Алега Лойкі, 130 гадоў Язэпу Варонку, 125 гадоў доктару Андрэю Пракапчуку, 145 гадоў Цётцы, 120 – Серафіму Жыровіцкаму, 160 – Ігнату Буйніцкаму, 75 – Уладзіміру Някляеву…
Краязнаўчы перакідны каляндар на 2021 год з’яўляецца пэўным крокам у развіцці гарадзенскага абласнога краязнаўства.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя