Перамагла каўбаса, пальцам пханая…
Ужо шосты год напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы праходзіць лідскі раённы конкурс “Спазнай смак сваёй кухні”. Праводзіць яго ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Кожны год конкурс мае пэўную тэматыку: то гэта вясельны стол, то посныя стравы, то стравы з дароў прыроды і г.д. Сёлета тэмай была страва, характэрная для канкрэтнай мясцовасці. А ўсяго ўдзельнічалі 13 клубных устаноў. Абмежаванняў не было, дык што вы думаеце, чатыры вёскі прадставілі дранікі. А маглі і ўсе прыехаць з дранікамі. Дранікі, канешне, такая ж важная і любімая страва Лідчыны, як і ўсёй Беларусі, хаця што праўда гарадзенскае начальства настойліва прапануе зрабіць дранік кулінарным брэндам Лідчыны, але лідзяне не спяшаюцца пасягаць на агульнанацыянальную каштоўнаць, ну, хіба пад прымусам.
Тым не менш першае месца заняў Першамайскі Дом культуры з простай яечняй. Простай, то простай, але з каўбасой пальцам пханай ды мастацкай падачай. Такую яечню не кожная цешча не кожнаму зяцю падасць.
На другім месцы – Ганчарскі дом культуры з чатырма відамі дранікаў, з чатырма відамі падачы.
На трэцім месцы – Дварышчанскі дом культуры са свіной рулькай.
Арыгінальна глядзелася вёска Ваверка, можа, з дзесяццю гатункамі травяной гарбаты. Але, як той казаў: “Кажух – не вата, дранік – не гарбата”. Не саступаў нікому і смажаны заяц з Крупава. Было і шмат чаго іншага, прыгатаванага “і з сэрцам, і з перцам”.
Пакуль журы вызначала месцы, перад прысутнымі выступаў адзін з найлепшых лідскіх гуртоў “Каханачка” з Мажэйкава.
А ўзначальваў журы сёлета намеснік старшыні ТБМ, рэдактар газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі летапісец” Станіслаў Суднік. Ён у канцы мерапрыемства пажадаў прысутным, а былі там не толькі тутэйшыя, а і дзве машыны гасцей з Менска, нягледзячы на ўсякае ліха: “І раніцай, і ў абед, і вечарам – смачна есці”.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Лідскі раён
Фота аўтара