Пераможцы ў няволі
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтр абвясцілі пераможцаў і лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за найлепшыя творы, напісаныя ў няволі.
Нюанс сітуацыі ў тым, што нельга называць некаторыя імёны аўтараў, а часам і назву твора. Усё звязанае з бяспекай. Чалавек атрымае прэмію, і за гэта яму ўломяць у плечы дадатковыя пакуты.
Бо гаворка не толькі пра літаратуру. Справа ідзе пра тое, што рэжым лукашыстаў сам сабе арганізаваў каласальна якасныя сведчанні.
Людзі сядзяць, а сведчанні ідуць на волю. Праз адвакатаў, праз сядзельцаў, якія вызваляюцца. Лукашэнка ўжо рыхтуецца на выхад са сваёй сітуацыі, і яму, відаць, на ўласную рэпутацыю напляваць. А вось маладзейшыя, хто яго абслугоўвае, ім сведчанні, тым больш у літаратурнай форме, не патрэбныя.
А самыя жывучыя сведчанні – яны заўжды ў атракцыйнай форме. Гэта можа быць фільм, а можа быць тэкст для песні. А пазней можа быць дакументалістыка, ці то тэкставая, ці то фільмовая рэканструкцыя.
Паглядзім на спісы, даступныя цяпер. Спачатку творы:
Алесь Бяляцкі – «Успаміны пра музей Максіма Багдановіча».
Алег Груздзіловіч – кніга «Мае турэмныя муры».
Марк Каласок – кніга (назва не апублічваецца).
Вольга Класкоўская – «Турэмныя дзёньнікі».
Летапісец – нататкі (назва не апублічваецца).
Нікола Тэсла – кніга (назва не апублічваецца).
Цяпер лепшыя аўтары па сукупнасці творчых дзеянняў:
Уладзімер Гундар – верш.
Андрэй Кузьнечык – вершы.
Спадар Лапычаў – вершы.
Ільля Міронаў – верш «Думаеце, такога не бывае?», нататкі.
Павал Севярынец – вершы.
Анатоль Хіневіч – верш «Паглядзі ў люстэрка на асабісты твар».
Сяргей Ціханоўскі – вершы.
Max V. Detta – вершы.
Прадстаўніца ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай адзначае, што сёлетняя прэмія імя Францішка Аляхновіча даецца па сукупнасці дзеянняў.
Ад сябе патлумачу, што быць палітычным зняволеным – гэта дадатковае пакаранне, бо цябе дадаткова катуюць.
У «Тэме дня» я ўжо казаў, цяпер лагічна паўтарыць: лукашысты ўзводзяць сабе помнік нерукатворны.
Тое, што сёння публікуецца без імёнаў і мае літаратурную форму, калісьці атрымае юрыдычнае аблічча: з канкрэтнымі імёнамі і дакладнымі фактамі.
Пры кожнай магчымасці падтрымліваем сем’і зняволеных.
Жыве наша салідарнасць!
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя