Першамайскія беларускамоўныя паштоўкі
Сёння паштоўкі, прысвечаныя 1 траўня (мая), амаль не выпускаюцца. Ды і людзі ўжо не віншуюць першамайскімі паштоўкамі адзін аднаго.
Часцей за ўсё віншавальныя паштоўкі прыходзяць у паштовыя скрынкі ад сяброў і сваякоў з Новым годам і Калядамі, З Вялікаднем, з 9 мая, з днём нараджэння. А ў ХХ стагоддзі актыўна адзін аднаго беларусы віншавалі і са святам 1 траўня.
Сярод безлічы рускамоўных першамайскіх паштовак выдаваліся і беларускамоўныя. Але шмат паштовак было выдадзена з простым тэкстам “1 мая”. Актыўна выпускаліся гэтыя паштоўкі з другой паловы ХХ стагоддзя, асабліва шмат іх друкавалі беларускія выдавецтва ў 1960-1980-х гадах. Першамайскія беларускамоўныя паштоўкі выдавалі Менскі паліграфкамбінат імя Якуба Коласа, выдавецтва “Беларусь”, а таксама Белпошта.
У ХХ стагоддзі над паштоўкамі працавалі мастакі М.Гаўрыловіч, П. Арлоў, С. Бутко, С.Кавалёў, К. Барэйша, П.Агееў, П.Калінін, І.Бялецкі. На першамайскіх паштоўках часта адлюстроўваліся кветкі, сонейка, чырвоныя сцягі, серб і молат, зямны шар, але былі і арыгінальныя паштоўкі, асабліва тыя, што выдаваліся ў 1960-х гадах. Наклады гэтых паштовак дасягалі да 150 тысяч штук.
Некаторыя першамайскія паштоўкі розных гадоў прапануем увазе нашых чытачоў.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
Паштоўкі з калекцыі аўтара