Першаму выдаўцу “Сказа пра Лысую гару” споўнілася б 80



7 кастрычніка споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння беларускага празаіка, публіцыста, паэта, былога рэдактара часопіса “Вожык” Валянціна Блакіта (1938-2007).

Валянцін Блакіт нарадзіўся на Шчучыншчыне. Скончыў Белдзяржуніверсітэт. Працаваў у Шчучынскай і Воранаўскай райгазетах, карэспандэнтам “Гродзенскай праўды”, у Гарадзенскім аблвыканкаме, у ЦК КПБ. З 1987 года ён узначальваў часопіс “Вожык”, дзе ўпершыню ў бібліятэчцы часопіса апублікаваў ананімную паэму “Сказ пра Лысую гару”, якую, як пазней стала вядома, напісаў Ніл Гілевіч.

 Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне было надрукавана ў 1960 годзе ў часопісе “Вожык”. Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў “Вынаходнік” (1974), аповесцей “Час прылёту журавоў” (1979), “Шануй імя сваё” (1981), “Усмешка Фартуны” (1984), “Вырай” (1986), “Аповесці” (1988) і іншых.

Генадзь Бураўкін неяк сказаў: “Калі б Валянцін не прыкрываў многіх нашых справаў, будучы ў ЦК кампартыі, то нам бы многае не тое што не ўдалося, а нам бы многае проста не дазволілі”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя