Першая кніга на роднай мове ў 2017 годзе
Доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі распачаў у 2017 годзе выданне кніг на беларускай мове сваім зборнікам артыкулаў, успамінаў і інтэрв’ю «Спазнанне асобы і творчасці», якая перад праваслаўнымі Калядамі выйшла з друку ў менскім выдавецтве Зміцера Коласа.
У сваёй новай кнізе Алесь Бельскі імкнецца зразумець сутнасць творчай асобы, яе духоўныя пошукі, памкненні і хваляванні, асэнсаваць глыбока этычныя і гуманістычныя погляды беларускіх пісьменнікаў, іх сувязь з жыццём і праблемамі грамадства, выявіць грамадзянскую і эстэтычную каштоўнасць творчасці таго ці іншага аўтара. У прыватнасці, даследчык нашай літаратуры цікава і грунтоўна разглядае ў сваёй кнізе традыцыі Янкі Купалы ў творчасці літаратараў, якія загінулі ў гады Другой сусветнай вайны, асэнсоўвае творчую спадчыну Максіма Багдановіча ў працах Міхася Ларчанкі, Сцяпана Александровіча, Алега Лойкі, распавядае пра Максіма Гарэцкага і Алеся Гаруна, піша пра Якуба Коласа ў паэтычным разважанні Генадзя Бураўкіна, пра асобу і творчую спадчыну Уладзіміра Карпава ў ацэнцы Івана Шамякіна і г.д.
Добра, што Алесь Бельскі ўключыў у сваю кнігу і развагі з нагоды выхаду кнігі А.Статкевіч-Чабаганава “Я – сын Ваш”, згадку пра Віктара Хорава, артыкул пра жыццё і творчую дзейнасць акадэміка Васіля Івашына,пра Фаму Бельскага і Міколу Зэрава.
Дапаўняе кнігу і раздзел пра знакамітых людзей Капыльшчыны, скуль родам і сам Алесь Бельскі, гутаркі з аўтарам кнігі і развагі пра сучасны стан нашай літаратуры.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя