Першая прэзентацыя праекта “Вочы”
У гарадзенскім доме культуры ўпершыню ў Гародні адбылася прэзентацыя музычнага праекта “Вочы”. Фармацыя, у якой граюць музыкі з гуртоў «Уяўляемыя людзі», «Green Dance», «Red Cotton», «Raсe of Dreamers», «Agnis», «Людзi на балоце», прадставіла гарадзенцам альбом пад назвай «Усё бачаць». Гэты альбом ствараўся цягам некалькіх год і пісаўся ў некалькіх студыях гуказапісу. Музыкі падчас выступу выкарысталі вялікую колькасць інструментаў. Некаторыя слухачы параўналі “Вочы” з выступам “Троіцы”.
Сваім уражаннем пасля канцэрта падзяліўся лідар гурта «Вочы», гарадзенскі музыка Юры Дубовік:
– Усё атрымалася. Дазволілі сабе зайграць у гэтыя апошнія травеньскія дні. Думалі, што, можа, ніхто не прыйдзе. Але ўсе прыйшлі. Усё атрымалася добра, як дома, па-хатняму. Гэта была камерная зала. Усё рабілі дзеля таго, каб людзі адчувалі сябе камфортна.
Музыку гурту і яго кліпы можна бясплатна паслухаць на партале Tuzin.fm. Ужо з другой паловы лета музыкі плануюць зрабіць прэзентацыю альбома яшчэ ў некалькіх гарадах Беларусі.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня