Першая сусветная вайна на фотаздымках Язэпа Стаброўскага
Сто гадоў таму закончылася Першая сусветная вайна. На той вайне быў і Язэп Стаброўскі (1870-1968) – палкоўнік, краязнавец, фатограф, археолаг, калекцыянер са Слоніма.
Той самы Язэп Стаброўскі, які вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе, а потым працягваў вучобу ў Александрыйскім артылерыйскім вучылішчы, дзе пазнаёміўся з будучым вядомым рускім пісьменнікам Аляксандрам Купрыным. Той самы Язэп Стаброўскі, які даслужыўся да палкоўніка, меў шмат ордэнаў і медалёў, які скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.
Вайну ён сустрэў на паўночна-заходнім тэатры баявых дзеянняў. Нямецкія войскі наступалі на Маладзечна, а аўстрыйцы — у раёне г. Сокал. Каб не трапіць у акружэнне, рускія арміі, у ліку якіх была і 55-я артылерыйская брыгада Язэпа Стаброўскага, пачалі адступаць. Пра гэта ён успамінаў: «І вось усе атрады, якія знаходзіліся на плацдарме каля ракі Раўкі ў Польшчы, пачалі ўцякаць, бо германа-аўстрыйскія войскі не паспелі нам адрэзаць адступленне, і мы, паражняком, без баявых прыпасаў, якіх не хапала, без адпачынку, прайшлі і праехалі 900 км і дасягнулі мястэчка Турэц Мінскай губерні, дзе і размясціліся на зімоўку…».
Адной з галоўных прычын такога развіцця падзей Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі называў шпіёнскую дзейнасць, якая была разгорнута немцамі на фронце і ў тыле арміі Расійскай імперыі.
У баі з немцамі на рацэ Раўка пад Баржынёвым 18 мая 1915 года Язэп Стаброўскі быў атручаны ўдушлівым газам. Але яго ўдалося выратаваць. У лістападзе 1915 года ён прымаў актыўны ўдзел у баях каля Баранавіч, у 1916 годзе — у баявых дзеяннях каля возера Нарач. У войску Язэп Стаброўскі знаходзіўся ажно да красавіка 1918 года. А калі пайшоў у адстаўку, вярнуўся ў родны Слонім і да канца жыцця займаўся краязнаўствам.
У гады Першай сусветнай вайны Язэп Стаброўскі не толькі ваяваў, але вёў запісы і фатаграфаваў будні салдат, жахі вайны, людское гора. А калі прыехаў у Слонім, то зрабіў адмысловы альбом са здымкамі. Гэты альбом ён назваў «Крывавым следам». Ён налічвае шмат фотаздымкаў. Кожны здымак Стаброўскі падпісваў, рабіў невялікі каментар. Фотаздымкі Першай сусветнай вайны Стаброўскага — гэта дакументальныя сведкі нашай нялёгкай гісторыі. Некаторыя з іх прапаную чытачам Радыё Рацыі.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя