Першы беларускі філасофскі кангрэс
Вучоныя з 20 краін прымуць удзел у першым беларускім філасофскім кангрэсе „Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”, які пройдзе ў Менску 18-20 кастрычніка, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Лазарэвіч.
„Першы беларускі філасофскі кангрэс першапачаткова планаваўся як падзея нацыянальнага маштабу, але стала ясна, што да гэтага форуму ёсць вялікі міжнародны інтарэс. У форуме прымуць удзел амаль 500 прадстаўнікоў філасофскай навукі. Прыкладна палавіна ўдзельнікаў – замежныя госці. У Беларусь для ўдзелу ў форуме прыедуць вучоныя з 20 краін, сярод якіх Расея, Кітай, Францыя, Італія, Польшча, Румынія, Балгарыя, Малдова, краіны Балтыі”, – сказаў Анатоль Лазарэвіч.
Кангрэс стане адным з самых значных форумаў Года навукі ў Беларусі і буйнейшым у гісторыі краіны навуковым форумам у галіне філасофіі, сацыяльных і гуманітарных навук. Сярод гасцей кангрэса – кіраўнікі міжнародных навуковых арганізацый і фондаў, лідары нацыянальных філасофскіх школ шэрага дзяржаў.
Арганізатары бачаць кангрэс як інструмент кансалідацыі вучоных вакол вырашэння канкрэтных задач развіцця дзяржавы, грамадства і культуры, а таксама як сродак нагляднай дэманстрацыі дасягненняў беларускай навукі, спадчыны айчыннай духоўнай культуры, інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, укладу краіны ў сусветны працэс і вырашэнне глабальных праблем сучаснасці.