Першы беларускі конкурс відэа-інтэрв’ю „Памяць Народа”



Беларускі архіў вуснай гісторыі анансуе конкурс відэа-інтэрв’ю для моладзі „Памяць Народа”. Галоўная ідэя конкурсу – зацікавіць маладых людзей лёсам сваіх родных, сваякоў і знаёмых старэйшага пакалення.

Для ўдзелу ў конкурсе арганізатары прапануюць правесці біяграфічную размову з людзьмі сталага веку, запісаць ўспаміны на відэа, а самыя цікавыя з іх даслаць, альбо перадаць, арганізатарам. Незалежнае журы і галасаванне вызначаць трох пераможцаў, якіх чакаюць каштоўныя ўзнагароды.

Расказвае каардынатар конкурсу Яўген Бойка:

– Ва ўсіх людзей старэйшага ўзросту патэнцыяльна могуць быць вельмі цікавыя і часам унікальныя ўспаміны. Напрыклад, сваршчык з Магілёва ў 1961 годзе паехаў у ГДР і трапіў у Заходні Берлін, дзе ён пагуляў. Такога кшталту ўспаміны могуць быць у кожнага старога чалавека – гэта важна для сямейнай гісторыі, для сямейнай памяці, для памяці ўсяго народа важна занатаваць, запісаць успаміны старых людзей.

Прэзентацыі конкурса „Памяць Народа”, дзе можна было пазнаёміцца з досведам вусных гісторыкаў і пабачыць, наколькі цікавымі бываюць успаміны сведкаў часу, прайшлі ва ўсіх абласных гарадах.

Конкурс „Памяць Народа” прымае працы ў фармаце відэа-інтэрв’ю да 15-га красавіка. Галоўны крытэр ацэнкі дасланых відэа – цікавы змест успаміну. Узнагароджанне пройдзе 4-га траўня.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя