Першы канцэрт опернай зоркі ў новай якасці!
У гэтую суботу Маргарыта Ляўчук дае канцэрт онлайн у дуэце з Андрэем Павуком.
Вядомая беларуская оперная спявачка і актрыса, лідарка блока «Культура і нацыянальная спадчына» у НАУ Маргарыта Ляўчук стала яскравым сімвалам пратэсту-2020. Засцерагаючыся рэпрэсій, яна вырашыла часова з’ехаць з Беларусі.
Не менш знакаміты блогер з пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Андрэй Павук – аўтар youtube-канала «Рудабельская паказуха», грамадзянскі актывіст, неаднаразова па надуманых падставах прыцягваўся ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці. Шырокую вядомасць атрымаў як аўтар хіта «Я з вёскі» у выкананні Ксеніі Дзягелькі. Восенню 2020 г. ён разам з сям’ёй не змог вярнуцца ў Беларусь з-за пераследу.
Андрэй і Маргарыта працягваюць актыўны супраціў. Разам яны заснавалі дуэт пад назваю „Чырвоная зелень”, які ўжо зваяваў папулярнасць сваімі сатырычнымі песнямі на злобу дня.
У суботу яны дадуць свой першы анлайн-канцэрт і адкажуць на пытанні ў прамым эфіры ў межах праекту Беларускага фонду культурнай салідарнасці #АртыстыПерамогі.
– Пасля таго, як 2 сакавіка ў клуб, дзе здымалі наступную серыю канцэртаў з удзелам у тым ліку берасцейскіх рокераў „Дай дарогу!”, прыйшлі сілавікі, праект у межах Беларусі часова прыпыніўся ў мэтах бяспекі. Але ён здабыў другое жыццё з дапамогай музыкаў, якія апынуліся па-за межамі Радзімы. – Фэст „Артысты перамогі” ладзіцца ў гонар мужных музыкаў, якія нягледзячы на ўсю небяспеку ідуць да людзей, граюць, натхняюць сваёй творчасцю ўсіх нас!
Трансляцыя канцэрту адбудзецца ў гэтую суботу, 13 сакавіка ў 20.00 па беларускім часе – https://youtu.be/uBrvE6fPJk0
Запрашаем!