Першы квэст па рэпрэсіях
У Менску ў бліжэйшую суботу пройдзе камандная пошукавая гульня. Яна будзе прысвечаная падзеям 29-30 кастрычніка 1937 г., калі па загадзе Сталіна было знішчана больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Гарадскі квэст ладзіць Віртуальны музей савецкіх рэпрэсіяў. Якую тэрыторыю ахопіць дзея, гаворыць супрацоўнік музею Уладзімір.
– У асноўным гэта будзе цэнтр Менска, сярод цікавых будынкаў, якія звязаныя з рэпрэсіямі. Будуць пастаўлены адпаведныя заданні, удзельнікі квэсту будуць шукаць пэўныя будынкі, расшыфроўваць шыфраграмы. Мы ходзім па горадзе кожны дзень і не ведаем, што гэта за будынкі. Гэта будзе хутчэй краязнаўчы квэст.
Пераможа тая каманда, якая выканае ўсе заданні найхутчэй. Яна атрымае каштоўны прыз. Рэгістрацыя на гарадскі квэст па рэпрэсіях пачнецца на сайце ў дзень яго правядзення – 31 кастрычніка. Сваё жаданне паўдзельнічаць у сацсетках ужо выказалі 25 чалавек. Арганізатары мяркуюць, што ўлады не будуць чыніць перашкодаў. Бо каманды стартуюць у розны час і звонку гэта выглядае, як просты шпацыр па гародзе. Сайт праекту – http://quest.represii.net
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя