Першы міжнародны фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы



b84c1d23947c7f99191ff6d8c9194febГала-канцэрт першага міжнароднага фестывалю паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера, Надзея, Любоў” сабраў на сцэне гайнаўскага амфітэатра артыстаў з розных краін. Выступілі лаўрэаты конкурснай часткі, а таксама польскія і замежныя зоркі. Кажа дырэктар фестывалю, старшыня грамадска-культурнага аб’яднання “Granie bez granic” Анатоль Баравік:

Я вельмі шчаслівы чалавек, бо атрымалася рэалізаваць тое, што яшчэ некалькі месяцаў таму падавалася нерэальным. Людзі прыязджалі з Арменіі, Украіны, Расеі, Беларусі, Польшчы, Англіі, Нямеччыны. І ўсе разам мы спявалі песні Булата Акуджавы. Гэта цудоўна! Гэта павінна цешыць. Асабліва ў час войнаў, спрэчак палітыкаў. А мы падаем адзін аднаму руку па-над гэтымі межамі і цешымся, што мы ёсць.

Фестываль праходзіў пад патранатам удавы Булата – Вольгі Акуджавы, якая адзначыла асаблівую глыбіню і духоўнасць мерапрыемства:

Гэта нетыповая сустрэча людзей на канцэрце аўтарскай песні. Тут было штосьці іншае, больш глыбокае і духоўнае. І калі ў Булата ёсць вершы: “Мы связаны, поляки, давно одной судьбою”, ніхто нават падумаць не мог, каб сказаць такое. А палякі памятаюць пра гэта. Ёсць такая прапамяць пакаленняў. У цяжкія часы ў касцёлах дазволілі спяваць яго малітву. А гэта ж нерэлігійная песня.

Наступны выступ музыкаў, якія выканаюць песні Булата Акуджавы на розных мовах, адбудзецца ў амфітэатры Падляшскай оперы і філармоніі ў сераду а 19-й гадзіне.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя

Фота polonia.dn.ua