Першыя вынікі барацьбы: падполле vs бальшавікі



Напрыканцы чэрвеня 1945 года савецка-партыйныя органы і чэкісты БССР, абапіраючыся на дадзеныя з месцаў, падрыхтавалі статыстычную даведку па выніках ліквідацыі антысавецкага руху на беларускім Палессі. Гаворка пра тагачасную Берасцейскую і Пінскую вобласць савецкай Беларусі. Падсумоўваўся перыяд з ліпеня 1944 года па студзень 1945 года.

Улетку 1944 года, з набліжэннем на Палессе, саветы ўсё больш сутыкаліся з актыўнай дзейнасцю, як яны пісалі “ваенізаваных груп”, “бандытаў”, “калабрацыяністаў” і г.д. У той год надзвычай неспрыяльнымі для ўсталявання савецкай улады і партыйных арганізацый называліся раёны Лагішынскі, Ганцавіцкі, Столінскі і Давід-Гарадоцкі ў Пінскай вобласці, а таксама Дзівінскі, Маларыцкі, Кобрынскі, Антопальскі, Бярозаўскі раёны Берасцейскай вобласці. Чэкісты на гэтых тэрыторыях даводзілі ў Менск і Маскву агульную колькасць антысавецкай партызанкі ў 12-15 тысяч байцоў. Назіралася падтрымка з боку мясцовых, якія “знаходзіліся пад уплывам падполля”. У 1945 годзе сітуацыя змянілася, але ўся роўна Палессе заставалася неспрыяльнай зонай для бальшавікоў. Рэгулярна райкамы і гаркамы КП(б)Б паведамлялі ў абласны цэнтр пра акцыі антысавецкага руху, а тыя ў сваю чаргу інфармавалі Менск. Некаторыя раёны Палесся амаль некатраляваліся саветамі. Акрамя ўзброеных сутычак вялася актыўная прапагандысцкая барацьба, мясцовыя жыхары адмаўляліся ісці ў калгасы, здаваць хлеб, зрывалі мабілізацыю. Многія выступалі адкрыта, як гэта было з масавай адмоваю падпісаць ліст падзякі Сталіну з нагоды гадавіны вызвалення Менску ад нацыстаў (гл: Адмовіліся падпісаць падзяку Сталіну і не толькі…).

Пра што ж нам гаворыць статыстычная даведка па барацьбе з падполлем за ліпень-снежань 1944 года? У Берасцейскай вобласці цалкам альбо часткова ліквідавана 12 антысавецкіх падпольных арганізацый у якіх налічвалася 218 чалавек, з іх 87 забілі пры затрыманні і 131 чалавек арыштавалі. У Пінскай вобласці знішчылі 1 арганізацыю ў якой налічвалася 8 чальцоў, усіх затрымалі. Што датычна ўзброеных груп, якія з’ўляліся часткаю (аддзяленнем) вялікіх арганізацый (УПА, Армія Краёва), то на Берасцейшчыне атрымалася ліквідаваць 2 групы і забіць 10 ваякоў, а вось на Піншчыне выкрылі 12 такіх груп і забілі 75 чалавек ды яшчэ 60 затрымалі. Асобкам лічыліся ўзброеныя атрады “банды”, якія дзейнічалі самі па сабе. У Берасцейскай вобласці выявілі 47 такіх груп-адзіночак, а ў Пінскай вобласці толькі 1 групу.

Берасцейскі, роўна як і Пінскі абкамы Кампартыі паведамлялі ў Менск, што ў раёнах вядзецца мэтанакіраванае паляванне на савецка-партыйны актыў, чыноўнікаў, дэпутатаў, міліцыянтаў і нават НКУСаўцаў. Здараліся выпадкі публічнага растрэлу за супрацоўніцтва з бальшавікамі і дапамогу ва ўсталяванні савецкай улады. Гэта таксама знайшло адлюстраванне ў даведцы.

На Берасцейшчыне у ходзе нападаў на чэкістаў загінула 32 супрацоўніка НКУС, а на Піншчыне забілі 23 чэкіста. У Берасцейскай вобласці ў сутычаках з антысавецкай партызанкай загінула 34 НКУСаўца і 12 атрымалі раненні, адпаведна ў Пінскай вобласці забілі 14 чэкістаў і 3 паранілі. Што датычна савецка-партыйнага актыва, то ў Пінскай вобласці забілі 28 прадстаўнікоў савецкай улады, а ў Берасцейскай вобласці 8.

Улетку 1945 года на беларускім Палессі адбылася чарговая хваля акцый антысавецкага падполля. Пераважна тут дзейнічала Украінская Паўстанцкая Армія, Армія Краёва, а таксама асобныя групы, якія не мелі над сабою нейкага цэнтральнага ўпраўлення. Самымі неспрыяльнымі раёнамі ў Кампартыі называлі Дзівінскі і Маларыцкі раёны Берасцейскай вобласці ды Столінскі, Пінскі і Лагішынскі раёны Пінскай вобласці.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя