“Песні ля Замкавай гары” ад Алеся Аркуша
“Песні ля Замкавай гары” – зборнік вершаў літаратара, эсэіста і выдаўца, нашага рэдакцыйнага калегі, Алеся Аркуша пабачыў свет у выдавецкай ініцыятыве “Полацкае ляда”. Аўтар пад адной вокладкай сабраў творы з перыяду 1985 – 2014 гадоў, а прадмову “Ад ветаха да поўні” да зборніка напісала Алена Ніякоўская.
РР: Алесь, віншуем з выхадам зборніка. Увогуле ў вас цяпер вельмі пладавіты перыяд. Апошнім час вы нас радавалі прозай, з даволі невялікім прамежкам часу выйшлі вашыя два раманы “Палімпсест” і “Мясцовы час”. Цяпер кніга вершаў…
– Можна сказаць, што ў такім узросце ўжо падводзяцца пэўныя вынікі. І гэтая кніга якраз і ёсць падвядзеннем вынікаў маёй паэтычнай творчасці. Гэты зборнік увабраў у сябе ўсе маленечкія розныя брашуркі кніжныя, публікацыі ў перыёдыцы і нават тэксты песен, якія я пісаў для гуртоў, і нават гімн Полацка.
РР: Прыгадайце для нашых слухачоў, калі ласка, якія гурты выконвалі і працягваюць выконваць песні на вашыя словы.
– На самым пачатку сваёй так бы мовіць музычнай кар’еры я супрацоўнічаў з полацкім гуртом “Мясцовы час”. Гэта працягвалася некалькі гадоў, якраз з ім я першы раз прыехаў у Польшчу, і першы раз патрапіў на “Басовішча”. Затым я напісаў песню для гурта RIMA – гэта “Калевала”. І апошняя мая супраца – гэта з маладым полацкім гуртом Sumarok.
РР: Шмат вершаў, прысвечаных роднаму вам Полацку, вы ўжо ўзгадалі, што і “Гімн Полацка” ёсць у гэтым зборніку, таксама ёсць вершы, прысвечаныя вашым сябрам – Вінцэсю Мудрову або светлай памяці Юрасю Гуменюку. Я звярнула ўвагу і на такія вершы, якія як бы паміж Беластокам і Полацкам…
– У 21 стагоддзі мне выпала пажыць у розных гарадах і досыць стала. Я жыў у Вільні, цяпер жыву ў Беластоку. У мяне ёсць цыклы вершаў, якія прысвечаныя ўсім гарадам, якія мне роднасныя. І Жодзіна, дзе я нарадзіўся, і Полацак, дзе я больш за ўсё пражыў, які стаў маім „гняздом”, Вільні і Беластоку, дзе я працаваў і жыў. Гэтыя вершы ўключаныя ў кнігу, але натуральна, што большасць вершаў “полацкіх” і сама кніга названа па-полацку – “Песні ля Замкавай гары”. Гэта значыць песні, якія гучалі ля таго месца, дзе стаіць Сафійскі сабор, бо гэтае ўзвышэнне над Дзвіной і называецца Замкавая гара.
РР: Вы назвалі некалькі гарадоў, з якімі вы звязаныя, але ва ўсіх іх, акрамя аднаго, няма таго самага аўтобуснага прыпынку, пра які вы напісалі ў адным са сваіх вершаў…
У Беластоку і Полацку
аднолькавыя ночы
толькі ў Беластоку
няма вялікай ракі
у якой адбіваюцца
зоры і месяц
толькі ў Беластоку
няма аўтобуснага прыпынку
на якім
позна ўвечары
чакаю цябе з сынам (2006)
– Так, з Полацкам усё звязанае. Там сям’я, там нарадзіліся два мае сыны, там старэйшы сын быў пахрышчаны над ракаю Святой Еўфрасінні. У той час, калі мы яго хрысцілі ў Полацку дзейнічала адна маленечкая Спаская царква, дзе і захоўваліся мошчы Святой Еўфрасінні. Малодшы мой сын яшчэ вучыцца ў школе, і ён, хачу сказаць, даволі такі патрыятычны хлопец, бо кожныя канікулы прыязджае да мяне ў Беласток, але ўжо праз тыдзень просіць везці яго назад у Полацак, кажа, што яму ў Полацку лепш, больш падабаецца.
[Not a valid template]
РР: Прыгадалі пра вашую сям’ю, і якраз хачу адзначыць, што вокладка зборніка выглядае вельмі прыгожа паводле працы вашай жонкі Таццяны Козік “Мэлёдыі Замкавай гары”. І калі казаць пра аздабленне, заўважны сімвал ТВЛ – Таварыства Вольных Літаратараў, і варта ўзгадаць, што гэты зборнік – чарговая кніга, якая выйшла ў адноўленай выдавецкай ініцыятыве “Полацкае ляда”.
– Так, нейкі час таму мы аднавілі нашую выдавецкую ініцыятыву, і ўжо выйшла некалькі кніжак: Вінцэся Мудрова, мой другі раман “Мясцовы час”, цяпер гэты зборнік. Перыядычна будзем выдаваць. Гэта ўжо марка. Калі выходзіць кніжка з “Полацкае ляды”, то ўжо чытач ведае, што гэта будзе нешта цікавае, нешта нонканфармісцкае. Мы маем свайго чытача, які арыентаваны на гэты наш брэнд. А вокладка сапраўды фантастычная. Я ўжо маю невялікую калекцыю вокладак маіх кніг, якія выкананы паводле прац Таццяны. Гэта ўжо таксама адмысловы брэнд. Гэтыя вокладкі лёгка пазнаюцца.
РР: Алесь, разумею, што пытанне пра творчыя планы яно такое стандартнае і можна сказаць фармальнае. Але раней вы ўзгадвалі, што хочаце працягнуць сваю серыю раманаў, калі можна, прыадкрыйце нам завесу, усё ж што ў вас у гэтых планах…
– Аднойчы паэт Леанід Дранько-Майсюк сказаў, што вершы пішуцца ў юначым узросце, або ва ўзросце маладога чалавека. І я таксама трошкі прытрымліваюся гэтага. Апошнім часам рамкі паэзіі мне малаватыя, і мне хочацца сказаць больш, дзеля гэтага існуе проза. Мяне вабяць якраз вялікія жанры празаічныя, такія як раман. На захадзе ўвогуле няма такога жанру як аповесць, там ёсць вялікі раман і малы раман. Я працую ў жанры малога раману, гэта твор, які мае не больш за 200 старонак. І зараз я пішу свой трэці раман, ён называецца “Захоп марсіянамі Беларусі” і ўжо напалову напісаны. Неўзабаве першая частка будзе надрукаваная ў часопісе “Дзеяслоў”, які вось-вось мае з’явіцца.
“Для мяне паэзія – гэта таямніца, не важны сюжэт, не важна пра што, а больш важная замова словаў і замова гукаў, адмысловая энергетыка, магія, ад якой часам бягуць мурашы па спіне. Я добра адчуваю, дзе ёсць паэзія, а дзе ёсць імітацыя паэзіі”, – кажа Алесь Аркуш.
Човен
Паміж хваляў човен чорны.
Ў рэчцы – чорная вада.
Не відаць на дне нічога –
Барада вадзяніка
Захінае дно старанна
І матляецца, як віж,
Таямніца дна схавана
Ад вачэй і рук паміж
Вечак ракавін замшэлых,
Хваляў чорнае ракі.
Ад вясла вакол цішэе
Сьпеў пудлівай асакі.
Рэчка сунецца няспынна,
Як у дрэве жыўны сок.
Човен лісьцікам з галіны
Ціха ляжа на пясок. (1990)
Першая прэзентацыя зборніка вершаў Алеся Аркуша “Песьні ля Замкавай гары” плануецца ў Полацку ўжо напрыканцы красавіка.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.