Песня жыцця Рыгора Барадуліна



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна адбылася сумесная з Брылёўскім сельскім Домам культуры літаратурна-музычная вечарына «Беларусь – мая мова і песня», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Рыгора Барадуліна.

Бібліятэкар Юлія Яцкова расказала пра жыццёвыя шляхі паэта, чыя творчасць з’яўляецца каштоўнейшым набыткам беларускай літаратуры. Яркая вобразнасць, метафарычнасць, глыбіня думкі – усё гэта дазваляе паэзіі Рыгора Барадуліна быць заўсёды сучаснай і запатрабаванай.

Прысутныя азнаёміліся з падрыхтаванай кніжнай выставай, а потым наведалі музейна-этнаграфічны пакой Дома культуры, дзе была разгорнутая экспазіцыя, прысвечаная юбілею. Дырэктар СДК кампазітар Мікалай Яцкоў расказаў аб сяброўстве з Рыгорам Іванавічам, аб сумеснай працы над песенным цыклам «Шчымлівыя рамансы», прадставіў рукапісы песень, а таксама фотаздымкі і кнігі з памятнымі аўтографамі паэта. Удзельнікі сустрэчы пачулі непаўторны голас дзядзькі Рыгора ў запісе, а потым чыталі ягоныя «Шчымлівыя рамансы» і слухалі гучанне гэтых радкоў у песенным пераўтварэнні Міколы Яцкова.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён

Фота Міколы Яцкова