„Песнярам” 45 гадоў (абноўлена)



Першага верасня „Песнярам” споўнілася 45 гадоў. Да гэтага юбілею беларускія музыкі падрыхтавалі адмысловы праект, прэзентацыя якога адбудзецца 12-га верасня ў Менску. Удзел у „Re:Песнярах” прынялі вядомыя беларускія музыкі, у тым ліку Зміцер Вайцюшкевіч, Dzieciuki, Pomidor/OFF, Сяргей Пукст, „Палац“ ды іншыя.

Як расказвае ініцыятар і прадусар праекту Сяргей Будкін, яшчэ да канцэрту песні са спадчыны „Песняроў“ у новай аранжыроўцы з’явяцца ў інтэрнэце:

– На жаль, не ўсе заяўлены, таму што так і не атрымалася паразумецца з жонкай Мулявіна Святланай Пенкінай, якая валодая выключнымі правамі на творы мужа. На жаль, яна не зразумела, што творы жывуць у тым ліку ў пераспевах і ў іншых інтэрпрытацыях. Тым не менш ухваліў праект кампазітар Ігар Лучанок, спадкаемца таксама – дачка кампазітара Юрыя Семянякі, усе ўдзельнікі «залатых» «Песняроў» тых часоў, з якімі нам давялося паразмаўляць. Я думаю, што большасць песняў мы пакажам.

Некаторыя ўдзельнікі залатых складаў калектыву „Песняры” пазнаёміліся з музычным эксперыментам ад маладога пакалення ў час адмысловага праслухоўвання праекту ў рэдакцыі газеты „Культура” – працягвае Сяргей Будкін:

– Былі скліканы напэўна ўсім вядомыя заслужаныя артысты Беларусі Анатоль Кашапараў, Валер Дайнэка, Улад Місевіч, Уладзімір Ткачэнка. Яны праслухалі ўвесь праект, падзяліліся сваімі думкамі. Натуральна, што некаторыя песьні яны не прынялі, таму што гэта ўсё ж такі два паралельныя сусветы – «Песняры» і сучасны музычны андэграўнд. Але мне падалося, што ім спадабалася гэтая ідэя, што яны зразумелі эксперымент.

Канцэрт-прэзентацыя „Re:Песняроў” пройдзе 12-га верасня ў менскім клубе Re:Public. У ім, акрамя удзельнікаў праекту, прыме ўдзел дзяржаўны ансамбль „Песняры”, які лічыцца афіцыйным пераемнікам калектыву Уладзіміра Мулявіна.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Першага верасня ў Менску прайшла акцыя „Вянок пашаны”, прысвечаная заснавальніку беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля „Песняры” Уладзіміру Мулявіну. Яна адбылася каля магілы легендарнага музыканта і лідара гурта на Маскоўскіх могілках сталіцы.

Кампазітар Алег Молчан працаваў з „Песнярам“ як артыст і музычны кіраўнік:

– Справа ў тым, што для мяне “Песняры”, як пісаў Уладзімір Георгіевіч, гэта вобраз думкі, гэта вобраз жыцця. Гэта не толькі музыкант, гэта і творчасць Якуба Коласа, Янкі Купалы. Што тычыцца сённяшніх шматлікіх “Песняроў”, то я на гэта не звяртаю ўвагу, таму для мяне гэта быў найвялікшы ансамбль 20 стагоддзя, і са смерцю Уладзіміра Георгіевіча, на жаль, ён закончыўся.

Ансамбль „Песняры” быў заснаваны 45 гадоў таму. З гэтай нагоды партал Tuzin. fm, кампанія «Будзьма беларусамі» і фонд «Вяртанне» прадстаўляюць праект-прысвячэнне «Re: Песняры». У ім бяруць удзел музыкі маладога пакалення самых розных стыляў. Жывая прэзентацыя пройдзе ў клубе «Re:Public» 12-га верасня.

Паводле БелаПАН.