Петыцыя за ўсталяванне ў Гародні помніка Вітаўту



Усталяваць помнік Вітаўту Вялікаму – гаспадару Вялікага Княства Літоўскага, а таксама ўладару Гародні, заклікае петыцыя, якую падтрымліваюць беларусы на сайце petitions.by.

У той час, як у Лідзе, Слоніме, Полацку і Віцебску ўжо стаяць помнікі славутым асобам нашай айчыннай гісторыі, у Гародні такіх манументальных помнікаў пакуль няма. А той драўляны падарунак летувіскага скульптара Гародні з выявай Вітаўта Вялікага спарахнеў, і яго прыбралі.

„Усталяваць помнік такой асобе – значыць прызнаць самім сабе, якая вялікая нашая гісторыя,” – кажа прафесар Алесь Краўцэвіч, медыявіст-гісторык.

– Ніколі не позна паставіць помнік Вітаўту. Трэба варушыць гэтыя ўлады. Улады заскарузлыя, з савецкімі мазгамі і з лукашысцкім сумленнем. Іх трэба варушыць. Таму што цяперашнія ўлады паддаюцца толькі сіле. Іх трэба штурхаць. Па-другое, трэба ўкладваць у галаву гараджанам, гарадзенцам, што гэта павінна быць. Павінен быць гатэль „Вітаўт Вялікі”, павінны быць рэстараны, павінны быць нейкія гістарычныя конкурсы, рыцарскія турніры.

Пакуль сабрана ў петыцыі 485 подпісаў, збор працягваецца. Петыцыя мае быць накіраваная ў гарадзенскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя