Піліп Пестрак і Беласточчына



27 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння пісьменніка і грамадскага дзеяча ў Заходняй Беларусі Піліпа Пестрака.

Адзін з папулярных паэтаў і празаікаў былой Заходняй Беларусі Піліп Пестрак (1903-1978) сёння ў Беларусі амаль забыты. А гэта быў таленавіты пісьменнік, мужны і вясёлы чалавек. Ён меў званне заслужаны дзеяч культуры Беларусі, а ў 1964 годзе за раман “Серадзібор” атрымаў рэспубліканскую Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа. А яшчэ Піліп Пестрак напісаў і выдаў шмат кніг паэзіі, прозы, раман “Сустрэнемся на барыкадах”, паэму “Слова пра Менск”. Дарэчы, ці не адзіны ён быў беларускі літаратар, які ў той час пры жыцці выдаў свой збор твораў у 4-х тамах.

Піліп Пестрак амаль 11 гадоў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць адсядзеў у 1930-х гадах у польскіх турмах. А ў 1939 годзе, калі на заходнія землі Беларусі прыйшлі саветы, яго адразу абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. На гэтым сходзе была вылучана паўнамоцная камісія на сесію Вярхоўнага Савета СССР у Маскву. У складзе гэтай камісіі знаходзіўся і Піліп Пестрак.

У 1940 годзе пісьменнік быў абраны дэпутатам па Гарадзенскай акрузе ў Вярхоўны Савет СССР. Ён удзельнічаў у пасяджэнні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, дзе яго прымаюць у Саюз пісьменнікаў. А праз некалькі дзён Піліп Пестрак прыязджае ў Беласток, дзе актыўна ўдзельнічае ў агульным сходзе пісьменнікаў Беластока, прысвечаным творчым вынікам першага года жыцця і працы на савецкай беларускай зямлі. Ён выступае нават з дакладам на сходзе пад назвай “Аб маральным вобліку савецкага пісьменніка”, які пасля публікуе беластоцкая абласная газета “Вольная праца”. На сходзе Пестрака выбіраюць старшынём бюро беластоцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Тут, у Доме партасветы ў Беластоку, на вялікім літаратурным вечары ён выступае з чытаннем сваіх вершаў:

Іду…

Па дарожках, па прасёлачках.

У даль прастору гавару:

“Прыхілі мяне, мая долечка,

Барацьбяная Беларусь!”

У газеце “Вольная праца” Піліп Пестрак пачынае друкавацца часцей. У 1940 годзе ён публікуе верш “З тваім імем у сэрцы”, у траўні — верш “Першы май”, пасля — вершы “Над морам”, “Сасна” і іншыя. Верш “Сасна” аўтар прысвяціў Янку Купалу.

У лютым 1941 года ў “Вольнай працы” быў надрукаваны верш Пестрака “Даклад”. Пасля ў сакавіку — артыкул “Дзяржаўныя прэміі”. А ўжо ў красавіку ў беластоцкім Доме Чырвонай Арміі адбываецца яго асабісты літаратурны вечар, які адкрыў і вёў Максім Танк. А праз месяц Піліп Пестрак арганізоўвае літаратурны вечар-сустрэчу Максіма Танка з беларускай моладдзю Беластока…

Планаў тады і задумак у Піліпа Пестрака ў Беластоку было шмат. Але збыцца ім перашкодзіла вайна. Тым не менш, з Беласточчынай паэт сувязей не парываў. У “Белостокской правде” 29 лістапада 1943 года ён упершыню друкуе свой новы верш “Слухайце, пушчы, паляны…”, хаця напісаны ён быў ажно ў Маскве. Верш, прысвечаны беларускім партызанам, якія ўзняліся на змаганне з фашызмам:

Слухайце, пушчы, паляны, —

Тупаты ног паплылі;

Гэта ідуць партызаны,

Сыны беларускай зямлі.

Пасля вайны Піліп Пестрак на Беласточчыне гасцяваў радзей. Ён быў вельмі ўзрадаваны, калі ў 1956 годзе ў Беластоку пачала выходзіць беларуская “Ніва”. На яе старонках ужо ў кастрычніку друкуюцца вершы Піліпа Пестрака “Дзівасіл” і “Дарожка”, прысвечаныя памяці Якуба Коласа. Верш “Дзівасіл” паэт прысвяціў лекавай расліне дзівасіл, прэпараты з якога ўжываюць у медыцыне. Аўтар у вершы распавядае пра тое, як дзве бабкі гутараць паміж сабой. І адна з іх распавядае пра сына, якому паны моцна пабілі грудзі. І толькі дзякуючы дзівасілу сын застаўся жыць. А ў канцы верша паэт сцвярджае:

Калі вам на сэрцы цяжка стане,

Адбярэ вам немач рэшту сіл,

Не сумуйце, дзеткі… — Бабка ўстала. —

Дам вам на дарогу дзівасіл.

Верш “Дзівасіл” у 1973 годзе апублікаваў і “Беларускі каляндар”.

Праз чатыры гады “Ніва” друкуе два апавяданні Піліпа Пестрака “Прынцыпы” і “Путавод”. А ў 1958 годзе на старонках беларускага тыднёвіка друкуецца ўрывак з рамана пісьменніка “Сустрэнемся на барыкадах”. Літаратар пастаянна чытае “Ніву”, “Беларускі каляндар”, кнігі беларускіх пісьменнікаў з Польшчы. Ён перапісваецца з імі, сочыць за творчасцю Сакрата Яновіча, Алеся Барскага, Георгія Валкавыцкага, Віктара Шведа, Яна Чыквіна, Яшы Бурша, Дзмітрыя Шатыловіча.

У 1956 годзе разам з Янкам Брылём Піліп Пестрак наведвае Беласток, гасцюе ў “Ніве”, дзе гутарыць з калектывам рэдакцыі і з кіраўніцтвам ГПБГКТ. Пасля розных літаратурных узаемасувязей на старонках беларускага менскага тыднёвіка “Літаратура і мастацтва” друкуе свой артыкул “Паэзія на старонках “Нівы” (25 снежня 1959 года).

Да апошніх дзён жыцця Піліп Пестрак падтрымліваў сувязі з Беласточчынай. Яго тут любілі і паважалі. Пра яго творчасць пісалі ў “Ніве” і ў “Беларускім календары” Георгій Валкавыцкі, Мацей Канапацкі, Мікола Гайдук і іншыя літаратары і журналісты.

Сяргей Чыгрын, Беларуская Радыё Рацыя