Піліпаўскія вечары



У паэме “Курган” Янкі Купалы ёсць такі радок: “У Піліпаўку воўк нема вые…”. Прыгадалі Купалаўскі радок супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ „Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Яны арганізавалі і правялі цікавую і вельмі пазнавальную анімацыйную праграму „Піліпаўскія вечары”.

На Гарадзеншчыне час вячорак адкрываўся з пачаткам Піліпаўскага паста, і адной з назваў такіх вечароў была „Кудзелькі”. Назва звязана з родам заняткаў падчас гэтых збораў. Дзяўчаты, збіраючыся кожны раз на новым месцы, у новай хаце, пралі ніткі. Сяброўкі па чарзе запрашалі да сябе на вячоркі, спявалі песні, частаваліся.

Сёлетняе мерапрыемства мае характар рэканструкцыі і на свяце ўсіх чакалі песні, танцы, гульні, варажба, жарты, байкі, ценявы тэатр, гумар і вясёлы настрой. Праграма атрымалася надзвычай насычанай, уключала вясёлы аповед пра звычайнае жыццё на вёсцы, востры гумар. Вячоркі асабліва спадабалася хлопцам і дзяўчатам з мясцовых школ, а таксама дарослым.

Пра “Паліпаўскія вечары” на Лідчыне паведаміў свежы нумар электроннага выдання “Наша слова. Pdf”.

Старажытную сядзібу ў Мастоўскім раёне аднавіла мясцовая гаспадарка. Сядзіба знаходзіцца ў баку ад вёскі Вялікая Рагозніца. Цяпер у гэтым велічным будынку знаходзіцца кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства. Больш падрабязна пра гэту падзею чытачы таксама даведаюцца з “Нашага слова”.

З новай падборкай вершаў “Крыж правінаў” знаёміць чытачоў паэт Зміцер Захарэвіч. Распавядае свежы нумар “Нашага слова” пра Язэпа Лёсіка і Піліпа Пестрака, а таксама публікуе шмат іншых цікавых матэрыялаў.

Беларускае Радыё Рацыя