100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі
23 жніўня Беларусь адзначае 100-годдзе свайго Народнага паэта Пімена Панчанкі.
Гэтую кнігу можна назваць самым смелым паэтычным зборнікам савецкай Беларусі. Праўда, выйшла яна амаль пры канцы яе існавання, але гэта не памяншае грамадзянскай смеласці і мудрасці зборніка Пімена Панчанкі “Горкі жолуд” (1988). Яго з’яўленне на свет выклікала сапраўдны шок у партнаменклатуры і людзей сталінскага гарту. Нават трыма гадамі раней такой кнігі проста не магло быць, бо ніякі галаўліт яе не прапусціў бы, няглядзечы на тое, што кнігу напісаў Народны паэт Беларусі.
Пімен Панчанка, бадай, быў адзіным паэтам пасляваеннай савецкай Беларусі, які нястомна, нават у няпростыя 50-я і 60-я, пісаў грамадзянскія вершы – і пра родную мову, і пра бюракратаў, і пра іншыя сацыяльныя хібы і хваробы, якія імкліва апанавалі сацыялістычнае грамадства. Бадай у кожным ягоным зборніку такія вершы можна знайсці. Але ў “Горкім жолудзе” паэт адмовіўся ад эзопавай мовы і пачаў гаварыць адкрыта і бескампрамісна.
Гэтая кніга стала адмысловым сігналам, пасля якой пачаўся працэс разняволення беларускай літаратуры.
У вершы “Фадзееў у Мінску” паэт згадвае, як на першы пасляваенны з’езд беларускіх пісьменнікаў прыехаў расейскі празаік Аляксандр Фадзееў і як ён абураўся, калі пачуў на канцэрце, якім віталі гасцей форума, расейскія песні, і рэзка пра гэта выказаў кіраўніцтву Саюза. Фадзееў прызнаўся, што яго маці – беларуска, яе прозвішча Бусыга, і ён прыехаў у Мінск, каб пачуць матчыны песні.
На жаль, з таго часу ў Беларусі мала што змянілася. Нядаўна мне расказалі гісторыю, як афіцыйная дэлегацыя Полацка паехала ў нямецкі горад-пабрацім Фрыдрыхсхавен і прывезла з сабой ансамбль рускіх народных інструментаў. Затое немцы падрыхтвалі гасцям адмысловы сюрпрыз – развучылі беларускія народныя танцы.
У зборніку “Горкі жолуд” Пімен Панчанка, здаецца, закрануў усе істотныя, балючыя праблемы тагачаснай Беларусі – і экалагічныя, і маральныя, і нацыянальныя. Але самым эмацыйным і шокавым з’яўляецца верш “Развітанне”, у якім Народны паэт Беларусі нібыта развітваецца з беларускай мовай.
Родны Янка Купала,
Вы пісалі:
“Я веру – настане…”
Дарагі мой Іван Дамінікавіч,
Не, не настане!
Гэта ўжо не світанне,
Гэта наша настала змярканне,
Гэта з мовай маёй,
Гэта з песняй маёй
Развітанне.
Верш гэты выклікаў сапраўдную буру ў нацыянальным асяродку, а тагачасны малады паэт Анатоль Сыс нават напісаў верш у адказ, у якім пераконваў старэўшага калегу, што ён памыляецца. Пімен Панчанка быў задаволены шырокім розгаласам. З разлікам на такі грамадскі водгук гэты верш і быў напісаны.
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя