Пінчукі святкуюць Купалле
Па традыцыі, з вогнішчамі і карагодамі сустрэнуць народнае земляробчае свята Купалле на Піншчыне. Амаль у кожнай вёсцы раёна ўстановамі культуры і мясцовымі творчымі калектывамі ладзяцца ўрачыстасці, штогод масавыя гулянні адбываюцца на возеры “Гарадзішча”.
Па словах прадстаўніцы цэнтра народнай творчасці Валянціны Богнат, пінчукі актыўна ўдзельнічаюць у святкаванні Купалля:
– Незалежна ад таго выходны гэта альбо працоўны дзень: усе прыходзяць і спраўляюць гэтае свята. Гэта час, калі ідзе найбольш доўгі дзень і вельмі кароткая ноч. Па вялікім рахунку над намі заўсёды светлае неба. Магчымасць паглядзець заход сонца а потым світанак многіх прыцягвае. Плюс да гэтага наша абрадавыя мерапрыемствы даюць магчымасць людзям рэалізаваць і паказаць сябе.
Купалле мае карані з паганскіх часоў і яны вельмі моцныя, бо нават прыняццё хрысціянства не сцерла з народнага каледара гэтае свята. Царква сумясціла з Купаллем дзень Іаана Хрысціцеля.
Беларускае Радыё Рацыя.