Піншчына запрашае на святкаванне юбілею Яўгеніі Янішчыц



Піншчына запрашае 20 лістапада на святкаванне юбілею знанай землячкі – Яўгеніі Янішчыц. З нагоды 70-годдзя беларускай паэтэсы адбудзецца рэгіянальнае свята “Непрыручаная птушка Палесся”. У Пінску прэзентуюць другі том выдання, прысвечаны жыццю і творчасці Янішчыц.

Пасля мерапрыемствы працягнуцца ў вёсцы Парэчча, дзе працуе Народны музей імя паэтэсы, адзначае дырэктарка ўстановы Антаніна Сідарук:

– Будзе экскурсія ў музеі, сустрэча з пісьменнікамі, аднакласнікамі, аднакурснікамі. І літаратурная вечарына, якая ўжо будзе ў нас. Таму мы запрашаем усіх, хто быў знаёмы з Жэняй, хто сустракаўся з ёю, хто ведае яе творчасць, да нас на святкаванне.

Творчы і жыццёвы лёс “палескай ластаўкі”, так Янішчыц называў Ніл Гілевіч, быў кароткім і абарваўся трагічна. Тым не менш, дацэнт Інстытута мовы і літаратуры Святлана Калядка назвала паэтычную спадчыну Яўгеніі Янішчыц адной з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры XX стагоддзя.

 Беларускае Радыё Рацыя, Пінск