Пінск-1939: Гісторыя аднаго вераснёўскага дня
На чацвёртыя суткі вайсковай аперацыі Чырвонай Арміі ў Заходняй Беларусі і Украіне, тады яшчэ ў складзе Польшчы, бальшавікі занялі Пінск. Дзеянні, якія дазволілі сябе савецкія жаўнеры пры ўваходзе, аніяк не асацыяваліся ў гараджан з абяцаннямі агітарараў-камуністаў пра вызваленне, вольнасць і справядлівасць. Але гэта быў толькі пачатак, усяго першы дзень…
Дасталася хрысціянскім святыням – сімвалам Палесся
За савецкім перыядам гісторыкі свярджалі, што рэшткі “польскага элементу” аказалі супраціў Чырвонай Арміі, таму ў выніку баёў пацярпеў праваслаўны сабор Фёдара Тырана (галоўны храм тагачаснай Палескай епархіі) і касцёл святога Станіслава (лічыўся самым вялікім касцёлам на беларускіх землях). Казалі яшчэ і пра тое, што абстрэл храмаў быў абумоўлены ілжывым данясеннем пра кулямётныя кропкі на вежах святынь.
Першую версію пра нейкія баявыя дзеянні паміж саветамі і палякамі, аніяк не пацвердзілі сведкі тых падзей. Яны наадварот сцвярджалі, што не было каму ладзіць нейкую абарону і рэальна супрацьстаяць бальшавікам. Адносна другой версіі, то жыхар Пінска Юліюс Марголін занатаваў: “група з 20 пасобнікаў з чырвонымі павязкамі на рукавах (галоўным чынам габрэі-камуністы) падбеглі да стаячых гармат і танкаў на вуліцы Пілсудскага (Першамайская) і спецыяльна сказалі, што нібы хтосьці забраўся на касцёл і страляе па Чырвонай Арміі і камуністах. Пад’ехаў танк і адна гармата, пачалі паліць па вежы і амбону. Дах, адна вежа і фрэскі былі разбураны. Слядоў, што хтосьці мог быць у будынку, не было выяўлена”.
Іншыя ж пінчукі пераконвалі, што чырвонаармейцы былі наўпрост п’яныя і знайшлі сабе д’ябальскую забаву. Як бы то не было, але шкоду святыням нанеслі моцную. Так сабор Фёдара Тырана нават не з’яўляўся прыдатным для рамонту, а касцёл святога Станіслава пачаў прыходзіць у заняпад.
На фота: Сабор Фёдара Тырана (1910 г.) і касцёл святога Станіслава (1934 г.)
За што забілі старога вартаўніка?
Станіславу Маргулісу, які служыў вартаўніком Пінскай ваеннай рачной флатыліі, было 58 год. Яго закалолі штыхамі. Па інфармацыі краязнаўцы Эдварда Злобіна, верагодна трагедыя адбылася з-за таго, што вартаўнік адмаўляўся адкрыць браму чырвонаармейцам. Але зноў жа, нейкага супраціву не было і хучэй у бальшавікоў асоба Маргуліса выклікала агрэсію, бо ўсё ж прадстаўляў ворагаў. Станіслаў Маргуліс лічыцца першай ахвярай вераснёўскіх падзей 1939 года ў Пінску. Ягоная магіла захавалася на старажытных гарадскіх могілках, што па вуліцы Гайдаенка.
На фота: Магіла Станіслава Маргуліса (1881-1939)
“Размоў больш пра лёс Польшчы, нібы не разумеюць, што той Польшчы ўжо канец…”
Прыведзеныя словы належаць Фёдару Одрачу – ураджэнцу сяла Мясяцічы, што ў 25 кіламетрах на поўдзень ад Пінска. Пісьменнік сакавіта апісаў падзеі 1939-44 гадоў, пісаў толькі пра тое, што добра ведаў і бачыў на ўласныя вочы, не хаваўся ад рэальнасці. Гэта хроніка прыходу бальшавікоў у Вільню, ўсталяванне саветаў на Палессі і канечне, куды без захапляльнай прыроды палескага краю. Пра надзвычай цікавую асобу Беларускае Радыё Рацыя распавядала не аднойчы ў матэрыялах “Цягніком з Вільні ў Пінск” ды “Да 105-годдзя палескага летапісца”.
Так стала, што ў верасні 1939 года, калі бальшавікі ўжо аб’явіліся ў Вільні, Фёдар Одрач пакідаў горад свайго студэнцтва і рушыў на роднае Пінскае Палессе. Пакуль даехаў да Пінска, то ўжо трапіў у іншую рэчаіснасць:
“Бальшавікі ўвайшлі ў Пінск з боку Караліна (габрэйскае прадмесце). Ударылі адтуль з гармат і скасілі выдатную ракаковую вежу кляштара езуітаў, не пашкадавалі таксама і праваслаўнага сабора – разбілі снарадамі дах і купалы. Пінск ужо ператварыўся цалкам у савецкі горад. Па вуліцах поўна чырвонаармейцаў, а таксама чырвонаармеек у салдацкіх кашулях і ботах з гармонікавымі халявамі. На рынку, ля манастыра грымелі з мегафона баявыя савецкія песні, рэстараны, бары былі перапоўненыя савецкімі салдатамі. З набярэжнай вуліцы гляджу на дэльту ракі Струмень, што ўліваецца ў Піну. Над вадой віднеюцца танкавыя лодкі Пінскай польскай „марынаркі”. Матросы, верагодна, патапілі і затым беглі на захад. Каля супрацьлеглага берага Піны шмат ваенных савецкіх параходаў – гэта ўпершыню прыбыла сюды Дняпроўская флатылія. Вялікія прыгожыя параходы зрабілі на мяне прыемнае ўражанне. Гэтак жа і матросы мелі нейкі „чалавечы” выгляд. У чорных касцюмах, у чорных шынялях з добрага сукна, яны рэзка адрозніваюцца ад пехацінскай беднай і шэрай масы. На канцы былой Кіеўскай вуліцы яны занялі вялікі каменны будынак пад казармы…”
На фота: Група афіцэраў Пінскай рачной флатыліі, сярэдзіна 1930-х гадоў.
Антысавецкае падполле гуртавалася пад Пінскам
Інфармацыя адносна антысавецкага супраціву на Піншчыне розная, шмат не мае пад сабою глебы, але толькі не ў выпадку, калі гаворка вядзецца пра Калбы. Цяпер гэта вёска ў Пінскім раёне, а тады ўладанні роду Алявінскіх. Месца сапраўды сімвалічнае для фармавання падполля. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя будучы кіраўнік незалежнай Польшчы Юзаф Пілсудскі знайшоў у Калбах прытулак, калі хаваўся ад царскай жандармерыі за вызваленча-рэвалюцыйную дзейнасць. У Калбах у студзені 1895 году нарадзіўся Пётр Алявінскі – легенда польскага руху скаутаў і адзін з заснавальнікаў харцэрства. Прэзідэнт Пінска ў 1931-1934 гадах ды да 1939 году польскі сенатар. Ён браў актыўны ўдзел у антынацысцкім патрыятычным руху на тэрыторыі акупаванай Польшчы.
Дык вось у Калбах увосень 1939 года пачалі збірацца асобы, незадаволеныя бальшавісцкім парадкам. Як сцвярджае краязнаўца Эдвард Злобін, першапачаткова, гэта была невялікая група, і яно зразумела чаму, – канспірацыя. У тых умовах, праявіць адразу ж дзейнасць раўнялася самагубству. Ужо праз два гады, на базе калбоўскага падполля паўстаў цэнтр Арміі Краёвай на Піншчыне.
Падзеі восені 1939 года не маюць адзінай адзнакі ў гісторыкаў ды цэлым у грамадстве. З аднаго боку, ганебную Рыжскую дамову 1921 года, па якой штучна падзялілі Беларусь на два кавалкі, не прызнавалі ў беларускім асяроддзі. Прычым, як дзеячы нацыянальна- дэмакратычнага кірунку, так і левых поглядаў. Усе шчыра імкнуліся да ўз’яднання. Канечне, метады былі розныя. Хтосьці глядзеў у бок чырвонай Масквы, хтосьці спадзяваўся на заходнія краіны і самую Польшчу. Таму само злучэнне этнічных зямель – станоўчы факт для беларускай дзяржаўнасці. З другога боку, неапраўданыя ахвяры, сталінскія рэпрэсіі застаюцца ранай у памяці людзей ды і як быць з “нажом у спіну” Польшчы?
Беларускае Радыё Рацыя