Пінск: барацьба саветаў з “польскімі” помнікамі



Характэрныя рысы акупацыі: раззбраенне ўсіх фармаванняў, ліквідацыя органаў улады, структурныя змены, знішчэнне нязгодных, новыя законы ды правілы. Пералік магчыма доўга працягваць, але першым, што робіць вораг на занятых тэрыторыях – знішчае сімвалы, якія нагадваюць аб мінулым жыцці. Гэтая задача не менш важная, чым зламаць супраціў заняволенага народа.

Барацьба на ідэйным фронце не саступае вайсковым дзеянням. Яшчэ рымскі імператар Траян сказаў: “Каб знішчыць народ, не абавязкова забіваць старых і малых, паланіць жанчын, знішчаць армію, трэба адабраць у народа гісторыю і народ знікне…”. Мінула без малага 2 тысячы год, як з вуснаў імператара сарвалася простая ісціна, а сэнс не страчаны, толькі формы і метады прыцярпелі змены. Бальшавікі мелі на ўзбраенні словы Траяна ды досыць добра ажыццявілі іх на справе. Канечне, зусім нішчыць народ патрэбы не было, задачая іншыя – выбіць нацыянальную памяць і зрабіць “савецкага” чалавека.

Пінск бальшавікі занялі 21 верасня 1939 года. З мясцовых актывістаў камуністычнага руху сфармавалі Часовае гарадское ўпраўленне, неўзабаве паўстала Рабочая гвардыя ў якой было прыблізна 400 чальцоў. Новаўтвораныя структуры ламалі былы лад ды будаваць новы. Палешукоў хуткімі тэмпамі падцягвалі пад неабходныя крытэрыі.

Працяглы час у Пінску яшчэ разлічваліся злотымі, карысталіся пячаткамі ды бланкамі, жыхары мелі польскія пашпарты, а вось з помнікамі новыя ўлады разабраліся хучэй.

У Пінску за час знаходжання ў міжваеннай Польшчы (1921-1939) усталявалі дзясятак помнікаў, прыкладна столькі ж было на тэрыторыі павета, не ўлічваючы шыльды.

Паляшук, бомба ды Начальнік Польскай дзяржавы

На тэрыторыі адведзянай пад “Палескі кірмаш”, цяпер гэта гарадскі парк культуры і адпачынку, знаходзілася вялікая скульптура “Паляшук з вяслом” і помнік Юзафу Пілсудскаму. Пра легендарны палескі кірмаш Радыё Рацыя распавядзе наступным разам. Зразумела, што Начальнік Польскай дзяржавы быў ворагам бальшавікоў і лёс помніка ў дадзеным выпадку заканамерны. Яго папросту знішчылі.

Паляшук таксама аказаўся не той. Трымае ў руках вясло замест сярпа з молатам альбо нейкай іншай зброі пралетарыяту. На галаве саламяны капялюш, увогуле стаіць такі велічны ў традыцыйным уборы, ну аніяк не чырвонаармеец ці нейкі там рэвалюцыянер. Адзінае, што магчыма было сказаць, “палескі селянін прыгнечаны польскім панам”. Толькі выглядае чагосьці задаволеным, карацей, не той тыпаж, не “савецкі” чалавек. Лёс скульптуры таксама сумны, але праўда, прастаяў пры новай уладзе больш чым помнік Пілсудскаму.

На вуліцы Касцюшка, у наш час гэта вуліца Леніна, з нагоды юбілею польскай авіацыі ўсталявалі памятны знак у выглядзе бомбы. Ён вельмі цікавіў дзяцей, асабліва хлапцоў, узгадвае пінскі мастак Мікалай Казлоўскі, які намаляваў кампазіцыю. Зноў жа ідэйныя разыходжанні. Гутарка пра польскую, а не савецкую авіцыю, таму такое мастацтва далоў.

Pomnik1

Помнік польскай авіацыі і скульптура “Паляшук з вяслом”, малюнак Мікалай Казлоўскі.

Памяць пра паўстанцаў тапілі ў балоце

У Шаломічах, што на поўдзень ад Пінска, у гонар паўстанцаў 1863-64 гадоў зрабілі каменны помнік з мемарыяльнай шыльдай. Палешукі шанавалі памяць пра землякоў, якія палеглі ў барацьбе за волю. Па ўспамінам вяскоўцаў, новыя гаспадары, зрынуўшы помнік, зацягнулі яго ў балота. Жыхары кажуць, што каменны слуп павольна паглынала багна і некалькі дзён назіралі наступнае – польскі герб нагадваў арла, які вырываецца са смяротнай абдымкі дрыгвы.

Pomnik2

Помнік паўстанцам 1863 года ў Шаломічах, фота Юзаф Абухоўскі.

Тракт Пінск – Берасце

У 1938 годзе завершылася будаўніцтва шашы Пінск – Берасце. Падзея грымела на ўсю Польшчу. На адкрыццё тракту з’ехаліся высокія чыноўнікі з Варшавы. Часопіс “Наша думка” падаў наступную інфармацыю:

(…) Міністр шляхоў пры дапамозе дзяржаўных улад і прадстаўнікоў гаспадарчай і культурнай грамадскасці Пінска адкрыў шашу, якая злучыла Пінск з Берасцем. Яна мае вялікае гаспадарчае і стратэгічнае значэнне для краю. Будаўніцтва дарогі пачалося ад заходняй мяжы горада ў 1936 годзе за кошт сродкаў фонду беспрацоўных. Усе працы вяліся ўручную ў асноўным беспрацоўнымі з дапамогай рыдлёвак. Перамяшчэнне грунту рабілася конскімі падводамі. Таксама ўручную пры дапамозе малаткоў вялася апрацоўка каменю (базальт, граніт), выраб друзу… Шашкі вырабляліся на пабудаваным у Пінску бетонным заводзе ўвесь год, акрамя таго, у час будаўнічага сезона – на месцы збудавання дарогі, там, дзе былі пясок і вада. Цэмент і каменне завозілі.

Карэспандэнт напісаў прароцкія словы “стратэгічнае значэнне” ўжо меней чым праз год дарогай на Берасце рухалася Чырвоная Армія. За ўсю Другую Сусветную вайну па гэтым тракце прайшлі тысячы жаўнераў, сотні танкаў і іншай тэхнікі. Дарога выканала свае стратэгічнае прызначэнне.

Увогуле акрамя гаспадарчага і стратэгічнага значэння, дарога мела незвычайную прыгажосць, якая прыцягнула ўвагу мастака Яўгена Шатохіна. Ён увекавечыў тракт у графічным малюнку.

Вернімся ж да самой падзеі. Каб ушанаваць знакавую падзею ўсталявалі помнік у гонар шашы Пінск-Берасце ды сумясцілі яго з 20-годдзем незалежнасці польскай дзяржавы.

Саветы перайначылі кампазіцыю – збілі польскіх арлоў, стэлы, прыбралі надпіс па-польску, але саму аснову пакінулі. З цягам часу на ёй з’явілася шыльда па-руску “Памятны знак у азнаменаванне заканчэння будаўніцтва і адкрыцця 8 лістапада 1938 году першай шашэйнай дарогі Пінск-Берасце”. Такім чынам, гэта адзіны “польскі” помнік захаваўшыся ў Пінску, канечне, не лічачы, архітэктурныя каштоўнасці.

Pomnik3

Помнік у 1938 годзе і ў наш час, побач Пінскі аўтобусны парк.

Pomnik4

Дарога Пінск-Берасце, малюнак Яўген Шатохін.

Pomnik5

Яўген Шатохін на старым тракце, фота невядомага аўтара.

Што яшчэ страчана?

На колішняй плошчы Панятоўскага, сучаснай Кастрычніка, знаходзіўся помнік “Магіла невядомага жаўнера”. Мемарыяльная званніца на рускіх вайсковых могілках, што з’яўляліся часткай вялікіх могілак па вуліцы Спакойнай. Тут жа быў помнік-барэльеф польскім жаўнерам і стэла ў памяць пра нямецкіх жаўнераў. У вёсцы Біжаравічы ў 1925 годзе насыпалі вялізны курган у гонар 400-годдзя заснавання паселішча – знішчылі трактарамі.

Зразумела, што барацьбу з помнікамі вялі не толькі саветы – такое мела месца ў сусветнай гісторыі. Наколькі гэта маральна і што пакідаюць пасля сябе такія “гаспадары”, гэта ўжо зусім іншае пытанне.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя