Пінск далучаецца да агульнабеларускай акцыі “Фэст экскурсаводаў”



У Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца 18-га красавіка, Пінск запрашае на бясплатную экскурсію. Горад над Пінай далучыўся да агульнабеларускай акцыі “Фэст экскурсаводаў”. Экскурсія пройдзе па вуліцах, звязаных з сусветна-вядомымі асобамі. Яе правядзе намесніца старшыні Беларускага таварыства экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Таццяна Хвагіна, якая пакажа канкрэтныя гістарычныя аб’екты:

Заўсёды, калі ты хочаш пра штосці распавядаць, трэба ведаць: а што ты пакажаш турыстам? У нас у турыстычнай справе, у экскурсійнай справе такое святое правіла – ёсць лакалізацыя падзеяў, калі пэўныя падзеі адбываліся тут, то значыць, толькі тут мы пра гэта размаўляем. Калі ёсць што паказаць, значыць мы паказваем аб’ект, а не проста нейкі такі вольны расповед. Гэта не лекцыя, гэта не ўрок – а гэта экскурсія.

Мерапрыемства пачнецца ў суботу аб 11-й гадзіне каля эканамічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя