Пінск перадае Лідзе эстафету культурнай сталіцы Беларусі



Пінск рыхтуецца да цырымоніі закрыцця рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца 2019”. Горад над Пінай перадае тытул Лідзе. У пятніцу, 20-га снежня, у Гарадскім доме культуры падчас урачыстасцяў адбудзецца і падсумаванне вынікаў. Падзеяй, якая на доўгія гады застанецца ад акцыі, стаў выхад выдання “Пінск – палеская легенда”.

Па словах аўтара Таццяны Хвагінай, гэта кніга пра дзесяць стагоддзяў Пінска, з’яўлення якой чакалі з 2007 года:

– Толькі праз 12 гадоў выходзіць зноў кніга пра Пінск. Там не толькі здымкі, але і тэкст, гісторыя, выбітныя асобы. Я разумела, што трэба рабіць кнігу ўніверсальную, якая б падыходзіла мясцовым жыхарам, нашай моладзі, нашым школьнікам.

Таццяна Хвагіна дадае, што кніга сапраўды стала “народнай”, бо за паўгода з моманту з’яўлення, яна, як аўтарка, атрымала сотні водгукаў ад пінчукоў. Гараджане выказваюць падзяку абсалютна за розныя рэчы – ад фотаздымкаў, на якія трапіў іх дом, да аповедаў пра гісторыю старажытнага Пінска. 

Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота uo-pgipk.by