“Пінская шляхта” на сцэне Палескага драмтэатра
Палескі драматычны тэатр, які знаходзіцца ў Пінску, запрашае ў лютым на спектакль “Пінская шляхта” па матывах п’есы класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. “Пінская шляхта” – гэта камедыя-фарс, якая адлюстроўвае жыццё і сэнс тутэйшай шляхты. Дагэтуль п’есу ставілі ў Нацыянальным акадэмічным тэатары імя Янкі Купалы.
Дунін-Марцінкевіч высьмейвае царскі суд, бюракратызм і хабарніцтва чыноўнікаў, якія самі і парушаюць законы ды выносяць абсурдныя прысуды.
Камедыя лёгкая да ўспрымання, акторы адчулі задуму аўтара і з гэтай задачай трупа тэатра справілася, ўпэўнены заслужаны дзеяч мастацтваў Віталь Баркоўскі:
– Гэта адна з найцікавейшых труп у сэнсе маральнай і чалавечай глыбіні. Пры добрай унутранай дысцыпліне і пры вялікім жаданні яна можа стаць адным з найцікавейшых тэатраў у рэспубліцы.
“Пінская шляхта” напісана ў 1866 годзе, але першая публікацыя з’явілася ў 1918 годзе і перавыдадзена праз пяць год. Ад тых часоў пачаўся паступовы ўваход камедыі ў літаратурнае ды тэатральнае жыццё краіны. Для сталіцы Палесся, п’еса Дуніна-Марцінкевіча, стала адным з брэндаў.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота pinsknews.by