Пінскім старажытным могілкам – 200 год
За гэты час яны сталі сапраўдным помнікам не толькі гісторыі Палесся. Тут знайшлі вечны спачын выбітныя дзеячы Беларусі, Польшчы і Літвы. На жаль, за савецкі час пахаванні прыйшлі ў заняпад і большая частка ліквідавана, але нават тое, што захавалася, дае ўяўленне велічы і знакавасці могілак.
Акты вандалізму адбываюцца дагэтуль, больш за ўсіх трывае каталіцкая частка могілак. Разам з тым, з-за магчымасці дакрануцца да мінуўшчыны, да павахаванняў узрастае цікавасць грамадзянскай супольнасці. У жыццё ўваходзяць экскурсіі па могілкам.
Краязнаўца Эдвард Злобін называе гэтую частку Пінска некропалем:
– Захаваліся адзіныя гістарычныя могілкі горада. Гэта сапраўды некропаль усяго Пінска, усіх канфесій, усіх нацыянальнасцей. Ён увабраў у сябе памяць пра розныя пакаленні і розныя гістарычныя вехі. Некропаль падзяляецца на каталіцкую і праваслаўную часткі. Тут можна знайсці пахаванні выбітных людзей як для гісторыі горада, Беларусі, так і для сусветнай гісторыі.
На пінскіх старажытных могілках пахаваныя прадстаўнікі вядомых радоў Агінскіх, Ордаў і Скірмунтаў. Удзельнікі вызвалечнай барацьбы, нямецкія, польскія, рускія жаўнеры і маракі. У 1993 годзе комплекс быў уключаны ў спіс гісторыка-архітэктурнай спадчыны, але для яе захавання пакуль нічога не робіцца.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Андрэй Дыбоўскі