Пінскія багны вачыма легендарнай амерыканкі



«Людзі, якія пражываюць на водных шляхах, маюць адметны характар, які розніць іх ад жыхароў іншых мясцін, дзе калі-небудзь ступала нага чалавека. У якой частцы свету яны б ні знаходзіліся – індзейцы урасы з возера Ціцікака, абарыгены папірусавых зарасляў возера К’ёга, кітайцы з дэльты ракі Яндзы, галандцы з затапляемых польдэраў — ва ўсіх іх асаблівы лад жыцця…», — так пачынаецца артыкул «Пінскія балоты», які  роўна 80 год таму з’явіўся ў заходнім друку.

Палескія нататкі вядомай амерыканскай вандроўніцы Луізы Арнер Бойд (1887-1972) апублікавалі ў 1936 годзе на польскай, нямецкай, французскай і адпаведна ангельскай мовах, але толькі летась нарысы выйшлі па-беларуску. У межах праекта «Шляхамі экспедыцы Луізы Арнер Бойд. Да 80-годдзя легендарнай экспедыцыі амерыканкі» выдадзены фотаальбом і з’явілася дакументальная стужка «Палессе Луізы Бойд». Цяпер дзякуючы ініцыятыве Інфармацыйна-асветніцкай установы «Інстытуцыйнага развіцця» палеская спадчына легендарнай амерыканкі дасяжная беларускім аматарам мінуўшчыны.

Луіза Арнер Бойд у сярэдзіне 30-х гадоў ХХ стагоддзя адкрыла свету Палессе. Праз сотні фотаздымкаў Новы Свет і Заходняя Еўропа ўбачылі край неабсяжных балот і незлічоных рэк ва ўсёй сваёй шматаблічнасці, самабытнасці і непаўторнасці. Навуковая спадчына вандроўніцы дае сучаснікам унікальную магчымасць скрозь таўшчыню падзей і часоў зірнуць на мінулую эпоху непрадузятым, напоўненым глыбокай сімпатыяй да простых жыхароў Палесся поглядам амерыканскай даследчыцы.

bojd_palesse Панарама Пінска з-за Піны, Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Пінскі кірмаш – ярмарак над Пінай

Вандроўніца называе Пінск галоўным горадам сярод балот, бо ён з’яўляецца сонейкам для ўсіх меншых паселішчаў і прыцягвае іх да сябе. Асабліва гэта адчуваецца, калі ў палескай сталіцы гудзе кірмаш.

(…) За некалькі дзён да гэтага прыбываюць лодкі з таварамі. Рака поўніцца новым жыццём. Шмат людзей прыплывае за 15 – 20 кіламетраў. Усё, што можа быць дастаўлена па вадзе, транспартуецца па Піне да прычала, размешчанага каля паўднёвага боку касцёла езуітаў. Многія з тых, хто прыплывае на лодках, начуюць прама ў іх; тыя, хто трапіў сюды па сушы, гэтак жа выкарыстоўваюць свае вазы. У 7 гадзін раніцы гандаль у самым разгары. Як кірмашы ва ўсім свеце, так і пінскі рынак, падзелены на часткі. Пад паўночнай сцяной касцёла стаяць вазы з драўнінай: бярозавы брус, які выкарыстоўваецца для вагонаў, піламатэрыялы, дрэва для вытворчасці гонты, жэрдкі і дровы. Побач – прадукцыя з дрэва…

Да 1936 года кірмашы ў Пінску ладзіліся па некалькі разоў на год і цягнуліся да двух тыдняў. Вельмі часта ўсё называлі «водным гандлем», бо свой тавар сяляне рэалізоўвалі не выходзячы з лодак. Сведкі ўзгадваюць, што Піны не было відаць, адны толькі лодкі і людзі ходзяць па іх і ў іх жа ночаць. Гэта пры тым, што ўся рынкавая плошча за калегіумам езуітаў і перад касцёлам святога Станіслава напаўнялася падводамі. Тавар розны. Акрамя таго, працавалі вядомыя пінскія гандлёвыя рады, якія знішчылі ў пачатку 1960-х гадоў.

(…) Каля заходняй сцяны: хатнія птушкі, гародніна, садавіна – яблыкі, грушы, крыху вінаграду і бананаў. Вуліца ўздоўж заходняга боку касцёла была прызначана для вазоў з сенам, балотнай травой і чаротам. Пры продажы сена яго ўзважвае спецыяльна прызначаны вагаўшчык. Гружаныя сенам вазы з’язджаюць з пагорка, возчыкі лаюцца і праклінаюць адзін аднаго з-за найменшага дотыку да іх воза. Праехаць проста немагчыма. Я налічыла каля 300 вазоў. Берагавая лінія з паўднёвага боку касцёла запоўнена ўсім тым, што прывозілася на лодках. Рыба прадавалася проста з лодак і была нанізана на шнуры. Увесь вольны прастор быў заняты лодкамі, выцягнутымі на бераг, лодкамі ўсіх тыпаў, напоўненымі рознымі прадуктамі. Уздоўж ракі праходзіць асноўная дарога, па якой большасць вазоў трапляла на рынак. Усходні бок, дзе на продаж былі выстаўленыя ўсе іншыя тавары, быў месцам ўсеагульнага гармідару…

У сакавіку 1936 года Пінск рыхтаваўся да кірмашу на наступны сезон. Мясцовыя ўлады, пры падтрымцы ваяводскага цэнтра ды Варшавы, ўзялі штогадовыя кірмашы пад патранаж. Зразумелі, што маюць якасны брэнд усяго палескага краю. Увогуле, трэба ўсвядоміць, што з сярэдзіны 1930-х гадоў пачынаецца ўздым Палесся. Рэгіён актыўна развівае турызм, ладзяцца гісторыка-культурніцкія мерапрыемствы, павольна, але пачынаецца меліярацыя. Палессе выводзілі на новы ўзровень. Так, у Пінску запланавалі стварыць адмысловы будынак пад музей і гарадскую адміністрацыю. Сапраўды, Палессе было самым эканамічна адсталым ваяводствам, але затое мела ўнікальную прыроду, традыцыі, лад жыцця. Стаўку зрабілі на станоўчыя моманты, якія маглі выцягнуць рэгіён.

(…) Тут можна сустрэць сялян рознага дастатку і тыпажу. Адзенне, як правіла, вельмі падобнае. Большасць мужчын носяць даматканыя ільняныя альбо ваўняныя нагавіцы. Некаторыя  —  ходзяць боса; іншыя носяць лапці з лыкавай кары, намотваючы на ногі анучы замест шкарпэтак (нідзе не бачыла жанчын, якія б вязалі шкарпэткі ці панчохі). Найбольш заможныя носяць скураныя боты, якія таксама прадаюцца на рынку. Шапкі – пераважна валеныя з воўны альбо сшытыя з чорнай аўчыны. Жанчыны звычайна апранаюцца ў вопратку, сшытую са зрэбнай тканіны, альбо з набытага ў Пінску баваўнянага матэрыялу яркіх расфарбовак ці зусім цёмнага, аднакаляровага. Многія з іх носяць прыгожыя хусткі. Часта сустракаюцца ільняныя даматканыя фартухі. Некаторыя жанчыны ходзяць басанож, другія носяць лапці, іншыя – доўгія да калена скураныя боты, альбо высокія чаравікі. Гэтак жа, як і мужчыны, яны зграбныя, прастадушныя і прыязныя.

Новым месцам правядзення кірмашу ўлады абралі Ляшчынскі сквер – цяпер тут гарадскі парк культуры і адпачынку. Грошай на будаўніцтва шапікаў, крамаў, рэстаранаў не шкадавалі. Удзельнікаў сустракала вялікая скульптура «Паляшук з вяслом», а ў цэнтры помнік Юзафу Пілсудскаму. На галоўнай алеі зрабілі стэнды па гісторыі Палесся. Усё падзялілі на сектары: павільёны сувязі, прамысловасці, адукацыі, культуры і інш. Працавалі майстэрні: дыванаткацкая, гарбарная ды мэблевая. Кожнага палешука цікавіў шалаш з рознымі рыбалоўнымі прыладамі. Іншаземец, трапіўшы на пінскі кірмаш, мог даведацца ўсё пра Палессе, традыцыі і норавы жыхароў балотнай краіны.

(…) Я была на рынках у многіх краінах свету, але нідзе не бачыла такога, адзінага ў сваім родзе, захапляльнага відовішча як пінскі кірмаш. Гэта месца, дзе насельніцтва, якое пражывае ў радыусе некалькіх кіламетраў, сустракаецца, каб прадаць свае вырабы, павітаць адзін аднаго і разам выпіць гарбаты, піва ці выгнанай з бульбы гарэлкі ў невялічкіх шынках. Дзень кірмашу, на самой справе – сапраўдны святочны дзень.

bojd_palesse2

Палешукі пад ветразем па Піне, Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Рыбалоўства — галоўны занятак

Багацце рыбы ў Прыпяці падкрэслівалі нават вандроўнікі эпохі Адраджэння, якім давялося бачыць гэтую раку скрозь сярэбранай ад рыбы. У ХVІ стагоддзі аўтар трактату «Аб норавах татар, літвінаў і маскавіцян» Міхалон Літвін са здзіўленнем адзначаў, што падчас нерасту рыба ідзе па Прыпяці так шчыльна, што кінутая дзіда не можа патануць. Канечне, ўжо не такую з’яву, але не менш уражлівую, назірала Луіза Арнер Бойд.

(…) Балотныя мясціны вельмі багатыя рыбай, і рыбалоўства з’яўляецца натуральным і галоўным сродкам існавання насельніцтва. Рыбу ловяць на пласкадонных лодках з удзелам аднаго альбо двух чалавек, якія прабіваюцца пры дапамозе вясла праз балотныя зараснікі, што здаюцца непраходнымі. Там, дзе вада празрыстая, паверхня яе настолькі нерухомая, што рыбак і ягоная лодка цалкам адбіваюцца нібыта ў люстэрку. Выкарыстоўваюцца некалькі тыпаў сетак. Адзін тып – гэта вялікая конусападобная сетка вышынёй ад чатырох да пяці футаў, якая складаецца з трох лазовых кольцаў, звязаных лыкам. Такая сетка апускаецца шырэйшым канцом на некалькі футаў пад ваду. Рыбак пужае доўгім вяслом рыбу, якая хаваецца ў зарасніку, і такім чынам заганяе яе ў сетку, а пасля выцягвае на паверхню. Іншыя сеткі – прадаўгаватыя, складаюцца з шэрага ўнутраных пастак і кольцаў, злучаных сеткай з грубай вяроўкі…

Без вады і рыбы цяжка ўявіць палешука. Уюн на Палессі – гэта больш чым рыба, нешта містычнае, як сімвал. Ёсць нават цікавая легенда. У старажытныя часы пінскія рыбакі злавілі ў рацэ вялізнага ўюна, даўжыня якога перавышала два метры, пасадзілі яго на ланцуг і паказвалі волата публіцы. Паглядзець на цуда-рыбу да вады спускаліся многія. Пра яе ў сваіх нататках пісалі вядомыя вандроўнікі, якім пашчасціла завітаць у сталіцу Палесся.

(…) Злоўленная рыба выкарыстоўваецца для ўласнага ўжытку і толькі свежая. Як я змагла пераканацца, не робіцца ніякіх спроб, каб засаліць, высушыць альбо завэндзіць рыбу, хаця бярозы, вельмі прыдатнай для вэнджання, тут дастаткова; гэта дзіўная процілегласць таму, што я бачыла ў паўночных краінах Еўропы.

bojd_palesse3

Сплаў бярвення па Прыпяці, Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Палескія вёскі

Да першай паловы XVI стагоддзя палескія вёскі мелі хаатычную забудову, хаты былі раскіданыя па выспах сярод балот, камунікацыя паміж жыхарамі — на лодках або па кладках. На Палессі вулічныя вёскі з’явіліся дзякуючы каралеве Боне Сфорцы, якая ажыццявіла ў краі аграрную рэформу, так званую «валочную памеру». У нашы дні даўжыня вулічных вёсак, якія знаходзяцца ўздоўж асноўных дарог досыць вялікая, да прыкладу, вёска Парэчча мае даўжыню ў 5,5 км, вёска Пінкавічы звыш 3 км.

(…) На самой справе пра палешукоў можна сказаць, што яны жывуць ў “драўляным веку”. Жылыя дамы і іншыя пабудовы, сельскагаспадарчыя прылады працы і іншая тэхніка зроблены пераважна з дрэва. Дахі накрыты трыснягом з нізінных балот, балотнай травой альбо чаротам. Цесната сядзібнай забудовы і хуткае ўзгаранне будаўнічых матэрыялаў прадстаўляюць сур’ёзную пагрозу падчас пажараў. Пра гэта нагадваюць драбіны, прыстаўленыя да сцяны хаты, – звычка – прыўнесеная аднекуль. Паблізу знаходзяцца доўгія жэрдкі, некаторыя з мётламі на адным канцы, іншыя — з доўгім жалезным гакам для зрывання палаючага даха…Звычайны відок: лодкі якія перавозяць коней, плугі, вазы і іншую тэхніку, найчасцей з аднаго ўчастка гаспадарскага надзела на другі. Кожны з’яўляецца ўласнікам сваёй маёмасці, а для абазначэння яе межаў выкарыстоўваюцца драўляныя слупкі.

Цяпер гэта вялікая рэдкасць, якую імкнуцца пабачыць турысты. Дакрануцца да палескага побыту, характэрнага часу экспедыцыі Луізы Арнер Бойд, яшчэ можна ў Кудрычах, дзе дарэчы, таксама пабывала легендарная амерыканка. У нашы дні звычайная карціна па Палессі: цяпліцы, клубнічныя плантацыі, тоны памідораў і агуркоў, капусныя паля. Жыццё ў вёсцы, у рэгіёне, моцна змянілася, але засталіся рысы, якія з’яўляюцца феноменам краіны багнаў.

(…) Новы закон аб аграрнай рэформе скіраваны на рассяленне гэтай людской грамады, ён адначасова паляпшае землеўпарадкаванне надзелаў, якія складаюцца з мноства асобных частак… Насельніцтва вымярае сваю зямлю “шнурамі”. Замест таго, каб лічыць у гектарах альбо акрах, гавораць: “У мяне гэтулькі шнуроў”. Паўсюль выкарыстоўваецца аднаконны плуг. Бораны зроблены цалкам з дрэва, нават вострыя драўляныя зуб’і прымацаваны да папярэчын лыкам. Падчас наведвання балот я ні разу не бачыла валоў, якія вязуць воз альбо цягнуць плуг.

Акрамя аграрнай рэформы на Палессі рабіліся захады па пажарнай бяспецы. Улады вымушалі сялян будаваць новыя хаты з цаглянымі сценамі альбо асновамі і на адпаведнай адлегласці.

bojd_palesse4

Палеская сям’я, магчыма гэтыя дзеткі яшчэ жывыя, Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Высокая нараджальнасць дзяцей у вёсках

(…) У вёсках паўсюдна шмат дзяцей. Трэба прызнаць факт, што ў Польшчы найбольшы прырост насельніцтва чым у якой-небудзь іншай краіне Заходняй Еўропы, а на Палессі – самы высокі прырост насельніцтва сярод польскіх правінцый. Большасць вясковых дзяцей – босыя, бедна адзетыя і мурзатыя, але ўсе выглядаюць здаровымі і шчаслівымі. Немаўлят гушкаюць у кошыках з бярозавых галін, якія служаць калыскамі і падвешваюцца пад столь хаты. Маленькія лодкі, якімі кіруюць старэйшыя браты і сёстры, служаць сродкам руху для гэтых дзяцей, якія растуць на волі, самі па сабе. Практычна кожнае дзіця з’яўляецца нянькай для малодшага за сябе. Гэтыя будучыя рыбакі і жанчыны-гаспадыні так ўпэўнена кіруюць сваім “караблём”, як быццам, дома, на сушы.

Абумоўлена такая высокая нараджальнасць дзяцей была не традыцыяй вялікіх сем’яў, а жыццёвай патрэбай. Вялікая сям’я – гэта працоўныя рукі. Гэты здаровы прагматызм палешукоў і забяспечыў бэбі-бум. Але і тады не кожная сям’я магла мець дзяцей. Вядомыя факты, калі ў замужняй пары здаралася па некалькі спаронаў. І чыннік тут не ў медыцыне, а ў цяжкай працы. Нараджалі ў палях і на сене…

bojd_palesse5

 Палеская сялянка ў бясконцых «дзюнах», Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Балотныя паселішчы з натуральнай гаспадаркай

(…) Скошаныя на балоце сена і чарот складваюць у закрытых пунях альбо на полі ў стагі, якія маюць акруглую форму і прыўзняты над зямлёй на 3 футы на драўляных насцілах. Стагі мацуюць рыбалоўнай сеткай і часам на самы верх утыкаюць драўляны крыжык. Асноўная гародніна, такая як капуста, морква, фасоля і гарбузы вырошчваецца ў дастатковых для мясцовага ўжытку колькасцях. Бульбу захоўваюць пад пластом саломы і дзёрну для ужытку зімой. Хлеб выпякаюць з жыта. Пад бохан кладуць лісты капусты, каб не пашкодзіць хлеб, устаўляючы яго ў печ.

Луіза Арнер Бойд заўважыла, што балота і вялікая вада даюць палешукам усё неабходнае для жыцця. Мясцовыя жыхары існуюць у гармоніі з навакольным асяроддзем і прырода дапамагае тутэйшым людзям.

(…) Свінні худыя, на высокіх нагах, чорнай ці чорна-белай афарбоўкі. Іх гадуюць у кожнай вёсцы, таксама як курэй, качак і гусей. Гэтыя прадукты ў спалучэнні з рыбай робяць насельніцтва самазабяспечаным. Выключэнне складаюць усяго некалькі прадуктаў, такіх як кава, гарбата і цукар, якія закупаюцца ў прамысловым цэнтры Пінску. Вёскі выкарыстоўваюць ваду з неглыбокіх, ад 2 да 4 метраў глыбінёй студняў з жураўлём у выглядзе доўгай жэрдкі, прымацаванай да раздвоенага ствала дрэва. Жанчыны мыюць бялізну ў студзёнай вадзе ракі і б’юць яе драўлянымі прачамі на плоскіх камянях.

Амерыканка падкрэсліла ад якой хваробы больш за ўсё пакутуюць людзі на балоце – рэўматызм. Жыхароў, якія дасягнулі сталага ўзросту вандроўніца бачыла мала, казала, што ў асноўным сустракалася з асобамі сярэдняга ўзросту. Сапраўды смяротнасць была вялікай, як сярод дзяцей, так і дарослых. Медыцынскіх устаноў бракавала, але справа не толькі ў лекарах, а і ва ўмовах працы. Бойд не толькі фіксавала побыт, але разважала, як і калі можа палепшыцца цяжкі лёс палешукоў.

(…) Дзве ўмовы могуць паўплываць на ўздым Пінска: змена адносін з суседнімі Саветамі і развіццё самога рэгіёну, што адбудзецца ў выніку меліярацыі балот, запраектаванай польскім урадам. Мы былі сведкамі ажыццяўлення двух велізарных меліярацыйных праектаў у Еўропе — дрэнажавання Зюйдзэе і Пантыйскіх балот, але задачы, якія стаяць перад Дэпартаментам па меліярацыі Палесся, яшчэ больш значныя. Шмат часу пройдзе, пакуль пустынныя прасторы пінскіх балот зменяцца ўрадлівымі палямі, і яшчэ адзін некрануты куток стане ўсяго толькі фактам гісторыі.

Ужо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя палескі край з-за маштабнай меліярацыі пачаў кардынальна мяняцца. І сёння там, дзе праходзіла экспедыцыя Луізы Арнер Бойд, паўстае зусім іншая карціна, так непадобная на палескую мінуўшчыну, ужо амаль зніклую пад націскам сучаснай цывілізацыі. Менавіта таму спадчына амерыканкі з’яўляецца каштоўным артэфактам, якая паглыбляе нас у гісторыю, знаёмяць з аўтэнтычным Палессем, якога ўжо няма.

bojd_palesse6

 Палеская рыбалка, Луіза Арнер Бойд, 1934 год

Літаральна на мінулым тыдні ў вёсцы Пінкавічы (Пінскі раён), каля літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа ўсталяваны памятны знак у гонар экспедыцыі легендарнай амерыканкі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск