„Пінскую шляхту” на палескім дыялекце пакажуць у Маскве



Палескі драматычны тэатр прыме ўдзел у ХV Міжнародным тэатральным фестывалі „Залаты Віцязь”, які праходзіць у Маскве з 20 лістапада па 5 снежня. Выступ пінчукоў у сталіцы Расеі адбудзецца 26 лістапада. Беларускія артысты пакажуць „Пінскую шляхту”, рэжысёрам якой з’яўляецца заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віталь Баркоўскі.

Спектакль створаны на аснове аўтарскага тэксту Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ідзе на палескім дыялекце. Менавіта ў такім варыянце пастаноўку ўбачаць маскоўскія гледачы. У „Пінскай шляхце” занятая практычна ўся трупа Палескага тэатра, у пэўныя моманты на сцэне працуюць 19 чалавек.

„У мінулым годзе на цырымоніі ўзнагароджання Нацыянальнай тэатральнай прэміі гэты спектакль быў удастоены спецыяльнага дыплома Белтэлерадыёкампаніі, супрацоўнікі якой знялі тэлевізійную версію пастаноўкі. Пасля гэтага нам прапанавалі падаць заяўку на ўдзел у „Залатым Віцязі „. Спачатку атрымалі ад арганізатараў папярэднюю згоду, а ў кастрычніку прыйшло афіцыйнае запрашэнне на фэст „, – распавялі ў драмтэатры.

Палескі тэатр з’яўляецца адзіным калектывам з Беларусі, які ўдзельнічае ў юбілейным фестывалі „Залаты Віцязь”. Сваю творчасць на форуме прэзентуюць тэатры з буйных гарадоў Расеі, Украіны, Сербіі, Босніі і Герцагавіны.

Па вяртанні дадому пінскія артысты пачнуць падрыхтоўку яшчэ да адной замежнай паездкі. Іх запрасілі выступіць на IX Міжнародным фестывалі камерных тэатраў і спектакляў малых формаў „Малдфест”, які пройдзе ў Кішынёве 2-8 снежня. У сталіцу Малдовы беларусы прывязуць пастаноўку „Nach Hause”, рэжысёрам якой таксама з’яўляецца Віталь Баркоўскі.

belta.by