Пісала пра Еўфрасінню Полацкую і Цётку
Да 75-годдзя пісьменніцы Валянціны Коўтун
6 красавіка беларускай пісьменніцы Валянціне Коўтун споўнілася б 75 гадоў з дня нараджэння. На вялікі жаль, яе ўжо 10 гадоў няма сярод нас.
Імя пісьменніцы ўвайшло ў беларускую літаратуру ў сярэдзіне 1960-х гадоў, калі яна актыўна пачала друкавацца. А потым даследавала і пісала пра Еўфрасінню Полацкую, Цётку, беларускі фальклор, займалася перакладчыцкай дзейнасцю. Гэтаму прысвяціла ўсё сваё кароткае жыццё.
Пісьменніца выдала зборнікі вершаў і паэм “Каляровыя вёслы” (1971), “На ўзлёце дня” (1977), “На зломе маланкі” (1981), “Мы робім казку” (1983), “Метраном” (1985), “Вясёлы заасад”(1986), “Лісты да цябе” (1988), “Свяча любові” (2006), “Малітва да Калымы” (2009). За кнігу “Метраном” паэтка ў 1986 годзе была адзначана Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А.Куляшова.
Валянціна Коўтун з’яўляецца аўтарам шэрагу празаічных твораў, сярод якіх раман “Крыж міласэрнасці” (1988), прысвечаны выдатнай беларускай паэтцы і грамадскай дзяячцы Алаізе Пашкевіч (Цётцы), раман “Пакліканыя” (2007), прысвечаны беларускай асветніцы Еўфрасінні Полацкай, а таксама шматлікія апавяданні, частка якіх склала выдадзены ў 1988 годзе зборнік “Калінавая гронка залатая”.
Апошнія гады жыцця Валянціна Коўтун працавала над раманам пад рабочай назвай “Над садам Іарданскім”, які так і не быў завершаны.
Выявіла сябе Валянціна Коўтун і як таленавіты драматург. Пра гэта яскрава гавораць яе п’еса “Вясельны хутар”, прысвечаная выдатнай беларускай паэтэсе Яўгеніі Янішчыц, драматычная містэрыя “Крыж Ігуменні”, драма “Шлях палачанкі”, якая атрымала назву першага беларускага хрысціянскага эпасу.
Валянціна Коўтун вядомая і як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў. Выдатны ўнёсак зрабіла пісьменніца і ў беларускае літаратуразнаўства. Яе даследчыцкаму пяру належаць працы па гісторыі беларускай літаратуры і міжлітаратурных сувязяў, народнай творчасці, сярод якіх “Святло народнага слова:паэтычны лад беларускай народнай песні” (1984), “Крыніца паэзіі: на шляхах эпізацыі” (1987), шматлікія артыкулы аб творчасці Цёткі, Янкі Купалы, Максіма Танка, Пімена Панчанкі і іншыя.
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя