Пісаў пра пульс жыцця і сонца пад шпаламі



22 верасня спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Хвядоса Шынклера (1903-1942).

Шынклер Хвядос нарадзіўся на станцыі Ізяслаўль Менскага раёна ў сям’і чыгуначніка. Вучыўся ў Менскай рэальнай навучальні (1914-1920). З 1919 года працаваў на чыгунцы тэлеграфістам, пасля – бібліятэкарам, загадчыкам клуба ў Рудзенску. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

У 1929-1931 гадах Хвядос Шынклер стаў супрацоўнікам бабруйскай газеты «Камуніст», а са снежня 1931 года быў сакратаром рэдакцыі раённай транспартнай газеты «Ударнік» у Жлобіне. У 1935-1941 гадах працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і ў часопісе «Полымя».

Напачатку Другой сусветнай вайны пісьменнік эвакуіраваўся ў Свярдлоўск. А ў 1942 годзе пайшоў добраахвотнікам у Савецкую Армію. Чатыры месяцы вучыўся ў вайсковай навучальні ў горадз Кыштым Чалябінскай вобласці. А потым ваяваў пад Сталінградам, дзе і загінуў 25 кастрычніка 1942 года.

Пісаць Хвядос Шынклер пачаў у 1922 годзе. Першае апавяданне надрукаваў у 1928 годзе. Асобнымі выданнямі выйшлі апавяданне «Ічэ» (1929), зборнік апавяданняў «Стрэлачнік Мігай» (1930), апавяданне «Блок» (1933), аповесці «Сонца пад шпалы» (1933), «Запіскі інструктара Томана» (1934), «Пульс жыцця» (1950, выходзіла на расейскай мове ў 1942 г. у Маскве). Аўтар аповесці для дзяцей «Петрык-завадатар» (1935). У 1960 годзе выйшлі з друку “Выбраныя творы” Хвядоса Шынклера, а ў 1984 годзе – кніга апавяданняў, аповесцей, успамінаў «Апошні рэйс». Напісаў таксама п’есу «Пачэсны рэйс» (апублікавана ў 1939), кінасцэнарый «Шчаслівы шлях» (з Юрыем Рудзько, 1940). Выступаў пісьменнік у друку з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.

Беларускае Радыё Рацыя