Пішыце чарадзейныя казкі па-беларуску! Дзіцячы конкурс у Віцебску



Віцебская абласная філія Саюза беларускіх пісьменнікаў супольна з тэатрам “Лялька” і мясцовымі курсамі  “Мова нанова” абвясцілі дзіцячы літаратурны  конкурс  “Казка – цудоўная краіна”.

Да ўдзелу запрашаюцца жыхары Віцебскай вобласці ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Але ёсць самая галоўная ўмова для ўдзельнікаў, папярэджвае старшыня Віцебскай філіі СБП Настасся Лазебная:

-Абавязкова на беларускай мове! Гэта галоўная наша ўмова. Чаму на беларускай мове? Шчыра скажу: жывучы ў Віцебску, я абураюся, чаму тут не размаўляюць на мове. Што ж гэта такое? Нават калі дзеці будуць перакладаць свае казкі з расейскай на беларускую, яны ж нешта засвояць! У слоўнік зазірнуць! Нават калі бацькі будуць дапамагаць напісаць тую казку, таксама ўжо нешта будуць ведаць.

Пераможцаў узнагародзяць  на ўрачыстай цырымоніі ў тэатры “Лялька”. Прызамі будуць  кнігі ад Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароды рыхтуе і  Настасся Лазебная, аўтарка дзіцячых казак, якая друкуецца пад псеўданімам Стася Наркевіч. 

Яна падорыць юным казачнікам дэкаратыўныя імянныя падушкі ўласнага вырабу.

Настасся Лазебная і Таццяна Дубоўская

Адмысловы сюрпрыз рыхтуюць і курсы “Мова нанова”, кажа вядоўца курсаў Таццяна Дубоўская:

-Падчас цырымоніі курсы “Мова нанова” хочуць зрабіць такі відэаролік цікавы – з удзельнікамі, з пераможцамі, каб паказаць, якія ў нас таленавітыя дзеткі. І можна будзе потым падсумаваць нейкі агульны вынік: на якія тэмы дзеці пішуць, ці дастатковы ў іх слоўнікавы запас, ці ёсць у іх вобразнае мысленне. Гэта, канешне, пасля ўжо будзем ацэньваць.

Конкурс чарадзейных беларускіх казак стартаваў 1 траўня і завершыцца 1 лістапада.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя