Пісьменнік, які любіў выцінанкі



17 снежня беларускаму пісьменніку, фатографу, мастаку выцінанак Вячаславу Дубінку споўнілася б 80 гадоў з дня нараджэння. Ён уваходзіў у склад трох творчых аб’яднанняў Беларусі – саюзы мастакоў, пісьменнікаў, журналістаў.

Вячаслаў Дубінка нарадзіўся ў Слуцку ў 1941 годзе, займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў. У 1961 годзе скончыў будаўнічае аддзяленне Чарнавіцкага чыгуначнага тэхнікума. Пазней вучыўся на аператарскім факультэце Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі.
З 1964 года Вячаслаў Дубінка займаўся фатаграфіяй, быў фотакарэспандэнтам Слуцкай, Салігорскай, Любанскай раённых газет, з 1966 – рэспубліканскіх газет “Звязда” і “Чырвоная змена”, у часопісе “Беларусь”.

Аўтар фотанарысаў, фотаальбомаў «Бабруйск» (1967), «Нясвіж» (1968), «Магілёў» (1971), «Брэст» (1979) і іншых. Выйшлі кнігі публіцыстыкі, прозы «Паплач ля роднае крынічкі» (1981), «Не плач, душа мая» (1983), «Ой, зялёны дубочак» (1983), «Браты святой ночы» (1986), «Развітальная песня» (1989) і іншыя.

У канцы 1960-х гадоў Вячаслаў Дубінка захапіўся выцінанкай (выразанкай). З’яўляўся ініцыятарам адраджэння гэтага віда мастацтва на Беларусі. У мастацкіх выставах удзельнічаў з 1970-х гадоў. Аформіў шэраг кніг для дзяцей і паэтычных зборнікаў, у тым ліку “Жывыя літары” Артура Вольскага, “Казка пра паўліна” Вольгі Іпатавай, зборнікі вершаў Галіны Каржанеўскай, Валянціны Хамчук, Святланы Басуматравай.

Беларускае Радыё Рацыя