Пісьменнік, які сеяў грэчку і рапс
14 верасня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка Леаніда Левановіча (1938-2021).
Леанід Левановіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў вёсцы Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Служыў на Балтыйскім флоце. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў ва ўстановах культуры Дзяржынскага і Касцюковіцкага раёнаў, у газетах „Знамя юности”, „Сельская газета”, штотыднёвіку „Літаратура і мастацтва”, часопісах „Нёман”, „Полымя”, на Беларускім тэлебачанні, у выдавецтве „Мастацкая літаратура”.
Упершыню ў друку Леанід Левановіч выступіў з апавяданнем „Русакова дарога” ў 1963 годзе, аднак пэўнае літаратурнае прызнанне спачатку атрымаў як нарысіст, аўтар зборніка „Зялёны трохкутнік” (1973), у якім былі змешчаны нарысы, напісаныя ім у 1968—1970 гадах. У 1976 годзе выйшла першая мастацкая кніга Леаніда Левановіча „Мадонна з кветкаю”, якая ўключала каля двух дзясяткаў апавяданняў пра нашых сучаснікаў, людзей самых розных прафесій. У другую кнігу „Якар надзеі” (1979) пісьменнік, апрача пяці розна-тэматычных апавяданняў, уключыў аповесць з флоцкага жыцця „Прызнанне”, напісаную ў не вельмі частай у беларускай літаратуры эпісталярнай форме.
У канцы 1990-х гадоў Леанід Левановіч апублікаваў яшчэ два зборнікі „Вяртанне ў радыяцыю” і „Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста”. У першым знайшла адлюстраванне тэма Чарнобыля, асабліва балючая для пісьменніка, бо ў зоне радыяцыі апынулася яго родная вёска. Другі зборнік „Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста”, апрача аповесці, якая дала яму назву, змясціў некалькі п’ес на тэму калгаснай вёскі і гераічную хроніку „Павел і Хуаніта”, адзначаную на конкурсе драматычных твораў „Чалавек і час” прэміяй Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. За гэты зборнік Леаніду Левановічу ў 1999 годзе была прысуджана Літаратурная прэмія імя Iвана Мележа.
У творчасці Леаніда Левановіча асабліва вылучаўся эпічны цыкл, працу над якім ён распачаў яшчэ ў 1976 годзе. У выніку з’явіліся раманы „Шчыглы” (1986), „Паводка сярод зімы” (1989), „Дзікая ружа” (1993), „Сіняе лета” (1998), „Бесядзь цячэ ў акіян” (2003, адзначана прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў 2005 годзе), „Палыновы вецер” (2006). У цэнтры эпапеі лёс вялікай сям’і Сахутаў, знаёмае да дробязей жыццё роднага Прыбяседдзя ў розныя гістарычныя моманты: у час фашысцкай акупацыі („Шчыглы”), у гады пасляваеннага аднаўлення („Паводка сярод зімы”), у год смерці Сталіна („Дзікая ружа”), гады хрушчоўскай адлігі, калі адбылася сапраўды эпахальная падзея — палёт чалавека ў космас („Сіняе лета”); у 1980-я гады, якія называюць застойнымі, але і ў якія людзі сябравалі, любілі, выхоўвалі дзяцей, хадзілі на працу, адным словам, проста жылі („Бесядзь цячэ ў акіян”); і ў 1990-я гады, калі многае змянілася не толькі ў палітычным жыцці краіны, але і ў людзях („Палыновы вецер”) і іншыя.
У апошнія гады жыцця Ленід Левановіч жыў у вёсцы Пятрылава ў Вілейскім раёне, займаўся пчалярствам, сеяў грэчку, рапс, даваў парады пчалярам у часопісе „Гаспадыня”. А яшчэ пісьменнік з’яўляецца ганаровым грамадзянінам Касцюковіцкага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя