Пісьменніку Уладзіміру Ягоўдзіку – 65
14 лютага таленавітаму беларускаму празаіку, драматургу, публіцысту, лаўрэату Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1994), прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1993), Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2019) Уладзіміру Ягоўдзіку спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння.
Родам пісьменнік з вёскі Кастровічы Слонімскага раёна. Вучыўся ў Дзятлаўскай, Слонімскай і Зэльвенскай школах-інтэрнатах. У 1978 годзе скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Працаваў у розных рэспубліканскіх выданнях, быў рэдактарам газеты “Дзеці і мы” часопісаў “Бярозка” і “Лесавік”.
У 1984 годзе з друку выйшаў першы зборнік прозы Уладзіміра Ягоўдзіка “Стронга”. Калі паспрабаваць вылучыць нейкую адну, галоўную рысу першай кнігі пісьменніка, то гэта, як пісала ў той час Таіса Грамадчанка, відаць, будзе шчырасць. Шчырасць пачуцця, якім быў сагрэты кожны радок, шчырасць думкі.
Праз тры гады пасля беларускага выдання першага зборніка Уладзіміра Ягоўдзіка, ягоная “Стронга” выходзіць у Маскве на рускай мове ў перакладзе Валянціны Шчадрыной з прадмовай Уладзіміра Калесніка. “Галоўнае для пісьменніка — тэма чалавека, пошукі сэнсу і сутнасці жыцця ў нашым складаным свеце”, — пісаў у прадмове Уладзімір Калеснік. Пісаў і зычыў маладому тады празаіку быць і заставацца сабой. І ён застаўся і застаецца сабой да сённяшніх дзён.
Услед за “Стронгай” выходзяць дзясяткі новых кніг Уладзіміра Ягоўдзіка. Гэта кнігі аповесцяў, апавяданняў, дзіцячых казак, нарысаў, рэцэнзій, партрэтаў пісьменнікаў і мастакоў, кнігі аб прыродзе, зборнікі гістарычных твораў і дзіцячых п’ес і г.д. І ўсё, як сказаў некалі Янка Брыль, “мне прыемна засведчыць, з цікавасцю перачытваецца, хораша гаворачы гэтым пра сваю таленавітасць”.
Уладзімір Ягоўдзік — сапраўды таленавіты і вопытны літаратар. Некалькі гадоў таму ён стварыў серыю “Скарбы Беларусі” і ў гэтай серыі выдаў шмат цудоўных кніжак для юных і дарослых чытачоў. Свет пабачылі ўжо выданні, прысвечаныя нацыянальным паркам “Прыпяцкі”, “Браслаўскія азёры”, Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, азёрам Беларусі, матылькам, ваўкам, камяням, дзятлам, зубрам і г.д.
З 1995 года выдаваў Уладзімір Ягоўдзік і свой прыватны цудоўны часопіс сяброў прыроды “Лесавік”. Але “Лесавік” закрылі, бо тыя ўмовы, якія выдаўцу прапанавалі ў міністэрстве друку, паставілі выданне проста на калені, таму выдаваць часопіс ужо не было сэнсу.
Уладзімір Ягоўдзік – добры і цікавы драматург, які хораша стварае п’есы для юных гледачоў. Берасцейскі тэатр лялек у 1983 годзе паставіў яго першую п’есу-казку “Залатое зярнятка”. А потым праз два гады сцэнічнае жыццё ў Берасці атрымала другая казка Уладзіміра Ягоўдзіка “Сонейка, свяці!”. Лёс “Сонейка…” быў даволі шчаслівы. Па гэтай п’есе купалаўцамі быў запісаны радыёспектакль на Беларускім радыё, быў пастаўлены мюзікл у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры. І што самае неверагоднае, гэтую п’еску “Ваап-информ” выдаў у Маскве ў 1987 годзе ў перакладзе на рускую мову, а Міністэрства культуры Украіны — па-украінску. А далёка на Камчатцы (Расея) мясцовым абласным тэатрам лялек жыццё атрымала п’еса драматурга “Пякла баба калачы” (у сааўтарстве з А.Пыжыкам).
Уладзімір Ягоўдзік з берасцейскім паэтам Міколам Пракаповічам
Шчаслівай на сцэнічнае жыццё была і п’еса Уладзіміра Ягоўдзіка “Усміхніся, прынцэса!”. У 1991 годзе рэжысёр Мікалай Варвашэвіч паставіў яе на сцэне Слонімскага беларускага драматычнага тэатра пад назвай “Прынцэса і салдат”. А Беларускае радыё па гэтай п’есе падрыхтавала радыёспектакль. Дарэчы, на радыё часта ў 1990-я гады гучалі п’есы драматурга. Радыёспектаклем “Калі тупне зайка” па п’есе Уладзіміра Ягоўдзіка заслухоўваліся юныя слухачы рэспублікі ў канцы 1980-х гадоў. Спектакль па гэтай п’есе, але пад назвай “Сакрэты вогніка”, дэманстраваўся і па Беларускім тэлебачанні…
Цяпер пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік працуе над новымі літаратурнымі творамі. Ён піша пра родную прыроду, пра мастакоў і пра нашу гісторыю. Пажадаем яму і надалей шчаслівага літаратурнага і жыццёвага лёсу, здароўя і аптымізму.
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва аўтара