Пісьменніца з Дзятлава адзначае юбілей



4-га верасня пісьменніца і журналістка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з Дзятлава Леанарда Юргілевіч адзначае свой юбілей.

Нарадзілася яна ў вёсцы Рагалёўшчына Валожынскага раёна Менскай вобласці ў 1948 годзе. Рана засталася сіратою. Спачатку вучылася ў Іўеўскай, а пасля ў Свіслацкай школах-інтэрнатах. Шмат гадоў адпрацавала ў Дзятлаўскай раённай газеце. А цяпер плённа піша і публікуецца ў “Газеце Слонімскай” . Акрамя розных інфармацый і рэпартажаў, Леанарда Юргілевіч актыўна спрабуе свае сілы ў чыста пісьменніцкай справе. Яна піша гумарэскі, фельетоны і апавяданні.

У 2000 годзе ў серыі “Бібліятэка “Вожыка” пабачыла свет яе першая кніга гумарэсак “Грэшная душа”. Глыбокае веданне вясковага, местачковага побыту, талент высвеціць істотнае, важнае, цікавае, смешнае ў псіхалогіі і паводзінах сваіх герояў, сакавітая самабытная мова робіць творы Леанарды Юргілевіч сапраўднымі літаратурнымі жамчужынкамі.

Некалькі разоў аўтарка станавілася лаўрэатам часопіса “Вожык”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару “Аўцюкі-2000”, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”.

На фота: Аляксей Пяткевіч і Леанарда Юргілевіч

У 2003 годзе з друку выходзіць новая кніга прозы Леанарды Юргілевіч “Восеньскае танга”. Гэту кнігу склалі апавяданні аўтаркі, сюжэты якіх узятыя з жыцця тых людзей, што жывуць побач. У тужлівых і простых здавалася па сюжэту апавяданнях, аўтарка распавядала пра нялёгкі чалавечы лёс, сярод якіх ёсць і хрэстаматыйныя –  “Блакітная посцілка”, “Восеньскае танга”, “Чаму ты, мама, не паміраеш?” і іншыя. У 2017 годзе пісьменніца з Дзятлава выпусціла кнігу жыццёвых гісторый, аповесцей і гумарэсак “Доўгі калідор”.

На фота: Леанарда Юргілевіч і паэт Анатоль Вярцінскі

У 2002 годзе Леанарда Юргілевіч была ўганараваная спецыяльным дыпломам і прэміяй амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс” за перамогу ў конкурсе для журналістаў, якія пішуць на сацыяльную тэматыку. Менавіта гэта тэма скразною лініяй праходзіць праз усе жыццёвыя гісторыі пісьменніцы. А іх напісана яшчэ вельмі шмат, якія шчыра просяцца пад адну вокладку.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава