Піт Паўлаў: Украіна перажывае вельмі страшную вайну



Беларускі рок-музыка, лідар гурта “N.R.M.” Піт Паўлаў вярнуўся з Украіны, дзе выступіў перад Палком Каліноўскага. Акрамя таго, артыст прывёз байцам неабходны рыштунак.
Сваімі ўражаннямі ад паездкі сённяшні Госць Рацыі Піт Паўлаў падзяліўся з нашым варшаўскім карэспандэнтам Марынай Савіцкай.

РР: Вашае першае моцнае ўражанне, калі вы апынуліся на тэрыторыі Украіны.

— Першае было яшчэ на пад’ездзе да Украіны. На апошняй запраўцы пад’ехалі два бусы з мужчынамі майго веку, і яны ўсе былі без ног, на нейкіх пратэзах. Гэта, напэўна, прывезлі людзей з Еўропы пасля рэабілітацыі. І нібыта ім далі бейсбольнай бітай па галаве, але абгорнутую ў падушку. Адразу стала зразумела, што карцінкі — то проста карцінкі. Што ёсць іншы ровень стратаў, і што Украіна перажывае сапраўдную страшную вайну.

РР: Чалавек, што вас найбольш закрануў і ўразіў.

— Такога аднаго не было. Я ўзяў амаль паўнавартаснае інтэрв’ю ў Псыхолага і Кіта. Я з імі шмат размаўляў, і адтаго ўражанні мацнейшыя. Кароткія кантакты з рознымі людзьмі, хтось майго веку, хтось старэйшы за мяне. Сама атмасфера іншая, чымся ў савецкім войску. Людзі вітаюцца ўвесь час адзін з адным, афіцэры харчуюцца разам з салдатамі. І няма абмежаванняў у ежы — яна досыць аднастайная, але ўсё адно нельга параўнаць з тым, што было ў савецкім войску. Яны могуць пайсці ў краму й закупіцца: яны маюць і грошы, і мажлівасць. Адчуванне самой дысцыпліны армейскай нібы і няма — усе сябе паводзяць натуральна, дысцыпліна з’яўляецца з самой сітуацыі, яна не навязаная з гары, яна натуральна ўзніклая. Ёсць заданне, што трэба выканаць, і ўсе разумеюць, што трэба быць эфектыўным. Больш дасведчаныя вучаць тых, хто яшчэ не ўмее. Пры тым, я бачу, што сядзіць днявальны, ці дзяцюк ідзе на пост — у шортах, ці саколцы, анішто ў ім не нагадвае салдата, толькі аўтамат. Гэта настолькі нязвыклая для мяне сітуацыя, бо варта ў савецкім войску была асобнай рэччу — я, як старшыня, быў вывадным, або начальнікам варты, калі ты мусіш адвесці на пост. Яно ўсё распісана, рэгламентавана, бо гэтая рэч вельмі адказная. І тут ваяр ідзе з аўтаматам на пост проста ў шортах.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле

Піт Паўлаў збірае грошы на рыштунак ваярам полку Каліноўскага. Падтрымаць збор цяпер можна па спасылцы: https://zrzutka.pl/r3wps5

Беларускае Радыё Рацыя