Піт Паўлаў зайграе ў Любчы



Музыка гурта NRM Піт Паўлаў 19 ліпеня дасць канцэрт для валанцёраў Любчанскага замку. Гэта будзе ўжо чацвёрты падобны канцэрт, які музыка называе шэфскім.

Кажа Піт Паўлаў:

– Гэты канцэрт ужо стаў традыцыйным – мой шэфскі канцэрт. Мяне прыцягвае тое, што чалавек, які займаецца рэстаўрацыяй замка – Пячынскі Іван Антонавіч – ён займаецца гэтым з нейкіх уласных пазіцыяў. То бок ён не прадстаўляе ні дзяржаву, ні нейкую арганізацыю. Ён проста прыняў рашэнне самому гэта зрабіць. Мяне гэта вельмі моцна прываблівае.

Любчанскі замак быў пабудаваны напрыканцы 16-га стагоддзя, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай. Ініцыятарам будаўніцтва быў магнат Ян Кішка. 10 год таму па ініцыятыве Івана Пячынскага быў створаны Дабрачынны фонд «Любчанскі замак» і пачаліся рэстаўрацыйныя працы. Кожны год тут збіраюцца валанцёры з розных куткоў Беларусі. Канцэрт Піта Паўлава для іх пачнецца адразу па вячэры а 20-й гадзіне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя