Полацкі краязнаўчы музей пашырае дзейнасць у інтэрнэце
Полацкі краязнаўчы музей пашырае сваю папулярызатарскую дзейнасць у інтэрнэце. Супрацоўнікі музея пачалі распрацоўваць адмысловыя тэсты па гісторыі Полаччыны, якія затым з’явяцца на афіцыйным сайце музея. Гэтымі днямі з’явіўся тэст пра славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея.
Гісторык і археолаг Сяргей Тарасаў лічыць яго адным з самых загадкавых персанажаў у гісторыі Полаччыны:
– З ім звязана шмат розных падзеяў. Нездарма яго называюць Чарадзеем. Бо яму прысвечаная быліна «Волх Всеславович», дзе ён апісваецца як чарадзей. Яго згадваюць у «Слове пра паход Ігара». А летапіс кажа, што калі памірае яго бацька, князь Брачыслаў, 44 год, сын яго Усяслаў сеў на княжацкі стол. І далей паданне, што народжаны ён быў ад валхавання.
Па-ранейшаму застаецца загадкай, дзе быў пахаваны ў Полацку славуты князь Усяслаў Чарадзей. Сяргей Тарасаў прытрымліваецца версіі, што князь быў пахаваны ў Сафійскім саборы, які па яго загаду і быў пабудаваны.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя