Полацкі музей кнігадрукавання адзначыў сваё 29-годдзе



Полацкі музей беларускага кнігадрукавання адзначыў сваё 29-годдзе адмысловай імпрэзай.

Традыцыю адзначаць дні нараджэння заснавалі летась. Кажа загадчыца музею Славіна Гаўрылава:

– Дзень нараджэння музею напэўна прыдумалі тыя, хто прыдумаў сам музей і адкрыў яго 1990 годзе. Музей сапраўды ўнікальны не толькі для Полацку, але і ўвогуле для Беларусі. Не адзначыць дату такога музею мы не маем права. Здарылася так, што калектыў зусім малады, працуе, мы прывыклі знаходзіць нешта цікавае ў жыцці, каб неяк яго разнастаіць. Мы вырашылі, што ўсё такі хоць і не юбілейная дата, але мы будзем адзначаць. 

Асноўнай падзеяй імпрэзы стала прэзентацыя зборніка паэзіі „Наступны прыпынак” былога палачаніна, загадчыка літаратурнай часткі Коласаўскага тэатру ў Віцебску, паэта Алеся Замкоўскага:

– Мы з дырэктаркай музею спадарыняй Славінай ужо даўно думалі пра гэта, што трэба ў Полацку зрабіць прэзентацыю. Я размаўляў і з ПДУ, ну і ў выніку вырашылася так, што ўсё ж такі музей кнігадрукавання больш знакавае месца. Пра тое, што гэта будзе дзень нараджэння, я нават і не ведаў. Проста, калі я потым убачыў афішу і пад ёй каментар, кажу, ну і цудоўна. Я вырашыў, хай будзе такі лёгкі падарунак, мне Полацак зрабіў падарунак, ну і я яму ў дзень нараджэння музею. 

Падчас імпрэзы пісьменнікі Полаччыны, як і летась, дарылі музею падарункі. Гэтым разам пісьменніца Ірына Жарнасек перадала музею са сваёй бібліятэкі некалькі самвыдатаўскіх кніг канца 80-х пачатку 90-х гадоў. А сярод кніг, якія падараваў Алесь Аркуш, былі не толькі выданні аўтараў з Беларусі, але і найноўшая кніга празаіка з Падляшша Міхала Андрасюка „Поўня”.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя