„Полацкі звяз” падрыхтаваў для палачан новую пастаноўку
У Полацку паэма Адама Міцкевіча “Гражына” атрымала тэатральнае ўвасабленне. Тэатр гістарычнага строю “Полацкі Звяз” прадстаўляе аднайменны спектакль паводле паэмы. Рэжысёр пастаноўкі Яўгенія Кавалёва:
– Чаму “Гражына”? Ну, па-першае, гэта Міцкевіч. Па-другое, гэта актуальна сёння. Тут любоў да Радзімы, да Бацькаўшчыны. А ў канцы мы зачытваем выпіску са Статута пра тое, што кожны ўладар павінен берагчы і захоўваць сваю Бацькаўшчыну дзеля народа, якім ён кіруе.
Тэатр «Полацкі Звяз» быў створаны ў 2002 годзе. Гэта ўжо восьмая яго пастаноўка. У новым спектаклі занята 27 чалавек, у тым ліку два сябры іншага полацкага рыцарскага клуба “Ордэн Паўночнага Храма”. Прэм’ера адбудзецца 17 чэрвеня ў полацкім Палацы культуры вытворчага аб’яднання “Шкловалакно”.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя