Полацкія мастакі тыдзень малявалі Францыю
Разам з айцом Аляксандрам Шаўцовым, пробашчам Полацкай грэка-каталіцкай парафіі, шесць мастакоў выправіліся ў адну з каталіцкіх парафій у дэпартаменце Вагезы, і там паўдзельнічалі ў пленэры, малюючы мясцовыя архітэктурныя помнікі і краявіды.
З айцом Аляксандрам і мастаком Віктарам Жукавым пра гэты незвычайны пленэр пагутарыў Алесь Аркуш.
РР: Што гэта была за мясцовасць? Я ўжо чуў і чытаў, што гэта Францыя. Але які гэта рэгіён Францыі?
Айцец Аляксандр Шаўцоў: Вагезы. Гэты рэгіён каля Страсбурга. Перш за ўсё гэты пленэр, бо арганізатарам быў ксёндз-паляк, які служыць у Францыі, быў прысвечаны 1400-годдзю хрысціянізацыі таго рэгіёна. Хрысціянізацыю гэтай мсяцовасці пачаў святы Амэ, які заснаваў там манастыр. Гэта быў ірландскі манах. І там было распачата манаства. Адтуль і пачалася хрысціянізацыя гэтага рэгіёна.
РР: Я так разумею, што гэта быў чыста беларускі пленэр, там былі толькі беларускія мастакі, і прычым толькі полацкія.
Айцец Аляксандр Шаўцоў: Так, пераважна полацкія, але таксама і Зміцер Мшар – з Менску. Па-першае, ідэя самога пленэра паўстала з апошніх візітаў у Полацак айца Пятра Вілька, арганізатара гэтага пленэра ў Францыі. Ён ехаў з двума альбомамі. Калісьці ён рабіў у Польшчы два пленэры. І ён вёз гэтыя альбомы, каб паказаць мне. Ён на той час не ведаў, што нашая парафія ўжо правяла два пленэры ў Полацку. Духам святым яму навеела прывезці ў Полацак гэтыя два альбомы. І даведаўшыся пра нашыя пленэры, у яго адразу паўстала ідэя правесці пленэр у Францыі з удзелам гэтых мастакоў, якія ўдзельнічалі ў нашых двух пленэрах. Не ўсіх, канешне, мы змаглі ўзяць, па розных прычынах. Але большасць мастакоў-удзельнікаў двух пленэраў у Полацку ўдзельнічалі і ў гэтым пленэры ў Францыі.
РР: А што скажа мастак? Наколькі цікава было маляваць тамтэйшыя краявіды?
Віктар Жукаў: Было вельмі цікава. Па-першае, таму што гэта Францыя. Гэта для нас, беларусаў, іншы ландшафт, іншы краявід. І было вельмі цакава прыехаць у такую дэмакратычную прыгожую краіну. Горы. Лес. Горныя ручаі. Вадаспады. Гэта было вельмі цікава. Паспрабаваць свае сілы. Як мы, полацкія ў асноўным мастакі, ці справімся з такой складанай задачай – перадаць дух гэтай мясцовасці. Спадзяюся, што ў нас гэта атрымалася.
РР: А ці былі нейкія водгукі? Што вам казалі? Былі ў вас нейкія гледачы?
Віктар Жукаў: Калі мы малявалі, а французы вельмі эмацыйныя, яны падыходзілі. Мы, канешне, амаль не валодаем… дакладней, не валодаем цалкам французскай мовай. То часам жэстамі тлумачыліся. Спыняліся машыны. Калі малюеш каля трасы, то яны гудкамі віталі. Ім, здаецца, спадабалася нашая творчасць. Мы на гэта спадзяемся.
РР: А ці яны разумелі, адкуль вы, калі тлумачылі ім, што вы з Беларусі?
Віктар Жукаў: Я б сказаў, не вельмі.
Айцец Аляксандр Шаўцоў: Выпадковыя людзі, то можа быць так. Але парафіяне айца Пятра добра ведалі. Мы супрацоўнічаем, полацкая парафія і парафіі Вагезы, ужо на працягу сямі гадоў. Гэта было рознае супрацоўніцтва. І нашы выезды на нейкія імпрэзы і святы ў Францыю. І іх прыезды ў Полацак. То бок гэтае супрацоўніцтва мае ўжо, можна так сказаць, і карані.
РР: А які лёс вось той мастацкай калекцыі, тых карцін, што вы там намалявалі? Што далей з імі будзе?
Айцец Аляксандр Шаўцоў: Большасць карцін за ахвяраванні ўжо набытыя. Палова з усіх намаляваных. І палова засталася на вернісажы, і там надалей будзе служыць як выстава. У Вагезы.
[Not a valid template]Гукавы фармат гутаркі:
Гутарыў Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з Фэйсбука айца Аляксандра Шаўцова.