„Польшча – краіна аб’ектаў ЮНЕСКА”



10 лістапада а 17-й гадзіне ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” (Палац Рэспублікі) адбудзецца вернісаж выставы “Польшча – краіна аб’ектаў ЮНЕСКА”, падрыхтаванай Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, Польскай Турыстычнай Арганізацыяй і Польскім Інстытутам у Менску.

Польшча прапануе непаўторнае падарожжа па ўнікальных скарбах гісторыі і прыроды. Гэтая краіна можа пахваліцца пятнаццаццю з амаль тысячы аб’ектаў, уключаных у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Акрамя гістарычных цэнтраў Кракава і Торуні з іх шматвяковымі будынкамі, Польшча ганарыцца варшаўскім Старым горадам. Сталіца ўразіла экспертаў ЮНЕСКА маштабам рэканструкцыйных прац, беспрэцэдэнтных у гісторыі чалавецтва. Сярэднявечны замак у Мальбарку дапоўніў пералік польскіх каштоўнасцей у прэстыжным спісе. Гэта самы вялікі цагляны будынак у свеце. Польшча прыцягвае турыстаў незвычайнымі ландшафтамі, паркамі, драўлянымі касцёламі і цэрквамі – сведчаннем прафесіяналізму старых майстроў і пачэснага месца рэлігіі. Краіна ганарыцца выбітным архітэктурным шэдэўрам – Залай Стагоддзя ў Вроцлаве. Белавежская пушча ўяўляе сабой комплекс рэліктавых лясоў, унікальны ў маштабе ўсёй Еўропы.

Аўшвіц-Біркенаў – нацысцкі канцэнтрацыйны лагер і лагер смерці (1940-1945) – аб’ект, які заняў належнае месца ў памяці людзей і ў спісе Сусветнай спадчыны. Апошнім, 15 аб’ектам, унесеным у спіс ЮНЕСКА на пачатку ліпеня бягучага года, сталі Тарноўскія Горы – унікальны горнапрамысловы цэнтр, былыя шахты, дзе вялася здабыча срэбнай руды, свінцу, цынку, а таксама пітной і прамысловай вады.

Выстава працуе да 22 лістапада 2017 года Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі) Тэл. / факс: 327-26-12 Час працы: 11.00-19.00. Выхадныя дні: нядзеля, панядзелак Уваход вольны