Польска-беларускае духоўнае свята… у алеадруку
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выставы “Дух рэлігійных традыцый і друкаваная ікона”. Калекцыю з каляровых адбіткаў у алеадруку 45 святых абразоў 19-21 стагоддзяў прывезлі для агляду з Музея вёскі імя ксяндза Кшыштафа Клюка ў Цеханаўцы, што на Падляшшы. Іх дапоўнілі 22 іконы з Дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў Менску. Выстава ўтварылася, дзякуючы пагадненню аб супрацоўніцтве, што дзейнічае паміж музеямі ўжо 2 гады.
[Not a valid template]
Кажа дырэктар навукова-экспазіцыйнага аддзела музея пад Менскам Аляксандр Ісакаў:
– Звычайна людзі мяруюць, што музей пад адкрытым небам гэта толькі пабытовыя рэчы – кераміка, абутак, драўляныя дамы. Але гэта не так! У нас вельмі вялікія калекцыя. У Падляшшы да 350, праўда, у асноўным, каталіцкіх абразоў. У нас 102, але напалову праваслаўных. Пісаныя рознымі школамі. Украінскай – Адэса, Кіеў. Сыцінскія літаграфіі з акладамі. Ёсць іконы, што прыйшлі з Заходняй Еўропы, аж з Цюрыха.
РР: Літаграфія расшыфроўваецца як “водціск, адбітак”. І ў Беларусі вядомая з 19 стагоддзя…
– Так, гэта спосаб друку, пры якім ён пераносіцца фарбай пад ціскам з плоскай альбо гладкай паверхні каменю або металічнай формы непасрэдна на паперу. Тое, што на выставе, я б назваў прыгожым словам “алеадрук”. Гэта і ёсць каляровая надрукаваная ікона на паперы. Ад 6 да 10 камяняёў прымяняецца пры друкаванні такіх абразоў. На кожны робіцца водціск з дапамогай фарбы і атрымліваецца шматколерны малюнак.
Аўгенія Капацэвіч, мастацтвазнаўца: – Іконы старажытныя, незвычайныя, якіх ў нашы часы ў храмах не ўбачыць. Уражанне боскай ласкі, незямнога спакою. У нашы варожыя, мітуслівыя часы такія выставы наведваць неабходна. Каб уратаваць Душу…
Ігар Іваноў, супрацоўнік музея: – Цудоўная выстава! У літаграфію пераведзеныя копіі вядомых абразоў, у тым ліку, Маткі Боскай Вострабрамскай. А таксама еўрапейскіх вядомых працаў, якія маляванымі фарбай простыя людзі ніколі б не набылі. А так – мастацтва ў хаце!
Эдуард Багдановіч, дырэктар музея архітэктуры і побыту: – Культура не ведае межаў, яна дапамагае людзям распазнаваць адзін аднаго. Новымі традыцыямі, абрадамі, песнямі, танцамі. А значыць, і ўзбагачае ўсіх! Мы становімся бліжэй. І мне вельмі прыемна, што сваю бонду ў гэта ўносяць нашы два музеі…
Выстава “Дух рэлігійных традыцый у літаграфіях” будзе працаваць у галерэі “Лабірынт”, што ў Нацыянальнай бібліятэцы, штодзень да 27 жніўня.
[Not a valid template]
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя