“Polska Macierz Szkolna” абвесціла конкурс на лепшую ілюстрацыю твораў Элізы Ажэшкі
З нагоды 174-й гадавіны з дня народзінаў Элізы Ажэшкі грамадскае аб’яднанне “Polska Macierz Szkolna” ў траўні арганізуе тыдзень памяці славутай пісьменніцы, які пройдзе ў школах з вывучэннем польскай мовы. Запланавана правядзенне шэрагу мерапрыемстваў, сярод якіх – літаратурныя вечарыны, экскурсіі па месцах памяці пісьменніцы і конкурс ілюстрацый да яе твораў. Як зазначае намесніца старшыні грамадскага аб’яднання “Polska Macierz Szkolna” Тэрэса Крышын, небеспадстаўна цэнтрам урачыстасцяў стане горад над Нёманам:
– Гародня сапраўды ёсць цэнтрам польскай адукацыі ў Беларусі. І гэта вынікае не толькі з сённяшняга дня, але, відавочна, так было ад таго моманту, калі пачалося вывучэнне польскай мову ў Беларусі. Гародня мае школы з польскай мовай навучання. Грамадскае аб’яднанне “Polska Macierz Szkolna” мае грамадскі ліцэй, а таксама грамадскі ліцэй мае Саюз палякаў, ёсць школкі пры касцёлах, ну і таксама дзяржаўныя школы, у якіх вывучаецца польская мова на факультатывах і моўных гуртках.
Да ўдзелу ў конкурсе ілюстрацый паводле твораў Элізы Ажэшкі запрашаюцца дзеці і моладзь ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Мастацкія працы прымаюцца ў сядзібе грамадскага аб’яднання “Polska Macierz Szkolna” да 31-га траўня. Пераможцаў абвесцяць шостага чэрвеня – у дзень народзінаў пісьменніцы.
Беларускае Радыё Рацыя