Польская акадэмія навук вылучыла ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана на Нобелеўскую прэмію
Камітэт навук аб літаратуры Польскай акадэміі навук прыняў пастанову аб вылучэнні ўкраінскага пісьменніка Сяргея Жадана на Нобелеўскую літаратурную прэмію.

«Жадан — адзін з найвялікшых паэтаў Украіны і выдатны празаік, перакладаны і ўзнагароджаны ў свеце — паводле нас з’яўляецца пісьменнікам нобелеўскага фармату, — напісалі польскія навукоўцы ў адмысловай заяве. — Свабодная Украіна шмат у чым гаворыць і думае словамі Жадана, уважліва іх слухае. Сёння паэт у сваім Харкаве. І ён змагаецца».
Польскія СМІ адзначаюць, што калі б Шведская акадэмія прыняла гэтую кандыдатуру сёлета і ўзнагародзіла ўкраінскага пісьменніка, яна б мусіла парушыць свой рэгламент, бо заяўкі з намінантамі з усяго свету на бягучы год прымаюцца да 31 студзеня. Украіна да гэтага часу не мае лаўрэата Нобелеўскай прэміі ў літаратуры.
