Польская кніга на Менскім кніжным кірмашы



Польскі Інстытут у Мінску, Інстытут кнігі ў Кракаве і Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску традыцыйна запрашаюць наведаць Польскі стэнд на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, якая пройдзе 5-9 лютага 2020 года ў выставачным цэнтры “Белэкспа” (Менск, пр-т Пераможцаў, 14).

На стэндзе будуць прадстаўлены навінкі і бестселеры літаратуры розных жанраў: мастацкай, дакументальнай, папулярна-навуковай і навуковай, а таксама даведнікі, падручнікі, альбомы і коміксы. Асартымент складаецца з мноства пазіцый розных польскіх выдавецтваў і скіраваны да ўсіх узростаў: дзяцей, моладзі і дарослых, да тых, хто вывучае польскую мову і да тых, для каго польская мова ўжо не з’яўляецца праблемай. Большасць выданняў будзе прадстаўлена на польскай мове, але публікацыі на беларускай і рускай мовах таксама зоймуць свае пачэсныя месцы. Шырокай аўдыторыі будуць прадстаўлены кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Польскага Інстытута, і цікавыя экзэмпляры са збораў Бібліятэкі Польскага Інстытута.

У рамках выставы адбудуцца прэзентацыі і сустрэчы з пісьменнікамі, перакладчыкамі, мастакамі і выдаўцамі.

ПРАГРАМА МЕРАПРЫЕМСТВАЎ

5 ЛЮТАГА, СЕРАДА

16:00-17:00, Польскі стэнд

Паланістка, выкладчыца польскай мовы Інэса Кур’ян прэзентуе свой падручнік “Польская мова. Графіка. Арфаграфія. Вымаўленне. Фанетыка (тэарэтычна-практычны курс)”, які выйшаў у 2019 годзе ў Цэнтры „Студыя-Мовія”.

 6 ЛЮТАГА, ЧАЦВЕР

17:30-18:30, Польскі стэнд

“Жылі мы як каралі. Гарэлку пілі шклянкамі. Кахалі нас прыгожыя дзяўчаты. А мы купаліся ў золаце. Плацілі золатам, срэбрам і далярамі. Плацілі за ўсё: і за гарэлку, і за музыку. За каханне плацілі каханнем, за нянавісць – нянавісцю.”

Прэзентацыя рамана Сяргея Пясецкага “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” (Kochanek Wielkiej Niedźwiedzicy).

 7 ЛЮТАГА, ПЯТНІЦА

14:00-15:00, Польскі стэнд

Новы раман Януша Леона Вішнеўскага “Канец адзіноты” — гэта пачуццёвы працяг легендарнага рамана “Адзінота ў сеціве” (S@motność w sieci)

17:30-18:30, Польскі стэнд

Прэзентацыя двухтомнага збору перакладаў выбраных твораў Збігнева Герберта (1924—1998), аднаго з найвыбітнейшых польскіх аўтараў ХХ стагоддзя.

8 ЛЮТАГА, СУБОТА

14:00-14:30, Цэнтральная пляцоўка Нацыянальнага стэнда Беларусі

Сустрэча з пісьменніцай Катажынай Рырых-Карчыньскай і прэзентацыя кнігі “Лапуховае поле”.

14:30-15:30, Польскі стэнд

Сустрэча з пісьменніцай Катажынай Рырых-Карчыньскай.  Аўтограф-сесія пісьменніцы Катажыны Рырых-Карчыньскай і ілюстратаркі кнігі Гражыны Рыгаль.

16:30-17:30, Польскі стэнд

Майстар-клас і сустрэча з мастачкай, ілюстратаркай кніг Гражынай Рыгаль. Мастачка распавядзе пра сваю дзейнасць на прыкладзе кніг для дзяцей і падлеткаў “Лапуховае поле” Катажыны Рырых-Карчыньскай і “Пераменлівыя настроі Іпаліта Шланга” Раксаны Енджэўскай-Врубель.

Гадзіны працы стэнда:

5 лютага  12:00-19:00

6-8 лютага  10:00-19:00

9 лютага 10:00-15:00

Беларускае Радыё Рацыя