Польскія “Музычныя пейзажы” ў Берасці
19 і 20 лютага гэтага года – па запрашэнні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча – Берасце наведае выдатная польская піяністка Марыя Габрысь-Хейке, прафесар Варшаўскага музычнага ўніверсітэта ім. Фрэдэрыка Шапэна.
У аўторак, 19 лютага, у 18:30, польская артыстка зайграе канцэрт класічнай фартэпіяннай музыкі для жыхароў Берасця ў Берасцейскай абласной філармоніі (вул. Арджанікідзе, 14).
Спецыяльна падрыхтаваная для гэтага вечара праграма пад назвай «Музычныя пейзажы» у асноўным уключае ў сябе творы польскіх кампазітараў: акрамя ўлюбёнага, але яшчэ не да канца адкрытага шырокай брэсцкай публікай Фрэдэрыка Шапэна (1810-1849), прагучыць «Паланез» Міхала Клеафаса Агінскага (1765-1833), жыццё і творчасць якога былі непарыўна звязаны з Заходняй і Цэнтральнай Беларуссю. Публіка таксама атрымае рэдкую магчымасць пазнаёміцца з Марыяй Шыманоўскай (1789 – 1831), адной з першых у Еўропе жанчын-музыкаў сярод прафесіяналаў, „чароўнай Усемагутнай у царстве гукаў”, як пра яе казаў Гётэ. З кампазітараў мяжы XIX і XX стагоддзяў можна будзе пачуць Караля Шыманоўскага (1882-1937), які аб’ядноўвае заходнееўрапейскія і антычныя традыцыі ў адно цэлае. Французскай нотай вечара стануць творы Клода Дэбюсі (1862-1918), прадстаўніка музычнага імпрэсіянізму.
20 лютага з 10:00 у камеральнай зале Музычнага каледжа ім. Г. Шырмы пачнецца мастар-клас для маладых піяністаў, які правядзе Марыя Габрысь-Хейке. Уваход на майстар-клас вольны: усе жадаючыя змогуць паназіраць за музіцыраваннем вядомай выкладчыцы і маладых берасцейскіх музыкаў. Двухгадзінны занятак будзе прысвечаны музыцы Ф. Шапэна і Л. Бетховена.
Майстар-клас праводзіцца з мэтай звярнуць увагу музыкаў на I Міжнародны конкурс юных выканаўцаў „Ступені класікі”, які пройдзе ў Берасці 12-14 красавіка 2019 г., а ў склад журы якога ўвойдзе Марыя Габрысь-Хейке.
Марыя Габрысь-Хейке – піяністка, якая вылучаецца сваімі шырокімі музычнымі інтарэсамі і ўменнем граць не толькі на сучасным фартэпіяна, але і на малаточкавым фартэпіяна (ням.: Hammerklavier) Моцарта і рамантычным піянафорте. Прафесар Музычнага універсітэта ім. Фрэдэрыка Шапэна ў Варшаве.
Багацце музычнага вопыту дазваляе піяністцы свабодна адчуваць сябе ў розных стылях і традыцыях выканання. Падчас сольных і камерных канцэртаў у Японіі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, ЗША і Еўропе піяністка прадстаўляла рэпертуар ад XVIII стагоддзя па прэм’еры сучаснай музыкі. Лаўрэатка прэстыжных міжнародных конкурсаў у Чэхіі, Швейцарыі і Славеніі.
КАНЦЭРТ «МУЗЫЧНЫЯ ПЕЙЗАЖЫ»
Дзе: Берасцейская абласная філармонія (вул. Арджанікідзе, 14)
Калі: 19 лютага 2019 r. у 18:30
Квіткі: 5-10 бел. руб. у касах Філармоніі.
МАЙСТАР-КЛАС
Дзе: камеральная зала Музычнага каледжа ім. Г. Шырмы (вул. Гогаля, 7)
Калі: 20 лютага а 10:00
Уваход вольны.
Паводле прэс-рэлізу